Паэтычную кніжную серыю “Брукаванка” папоўніла новая кніга Міколы Адама “Неба на стале”, якая на думку рэдактараў серыі, мае значэнне большае, чым проста з’яўленне яшчэ аднаго зборніка вершаў. Гэта вяртанне аднаго з галасоў таго самага пакалення “Першацвету”, якое дзіўным чынам амаль растварылася ў гісторыі беларускай літаратуры.
Да кнігі “Неба на стале” Мікола Адам прыйшоў ужо аўтарам некалькіх паэтычных зборнікаў — “Калыханка для каханай” (2001), “Вайна, прыдуманая мною” (2004). Яго паэзія выходзіла і па-ўкраінску: “Під лацканами споминів” у Івана-Франкоўску ў 2018 годзе і “Небо на столі” ў Вінніцы ў 2020-м.
Мікола Адам не знік фізічна, не перастаў пісаць, выдаваў кнігі, перакладаў і сам быў перакладзены, меў выразныя сувязі з украінскай літаратурай. І ўсё ж у агульнай карціне беларускай паэзіі апошніх трох дзесяцігоддзяў ягонае імя апынулася далёка не на тым месцы, якога заслугоўвае ягоная творчая біяграфія.
«Неба на стале» дазваляе паглядзець на яго наноў.
Больш падрабязна пра зборнік “Неба на стале” чытайце на сайце “Новыя беларускія кнігі”
Найбліжэйшая прэзентацыя кніг серыі “Брукаванка” адбудзецца 24 верасня ў віленскай краме “Кропка”.






