У выдавецтве SURMA выйшла новая кніга аўтарства пісьменніцы і мастачкі Таццяны Багданавай. Увосень 2025 году рукапіс і макет кнігі “Не на сваім месцы” перамаглі ў Літаратурным конкурсе “Экслібрыс”, прымеркаваннага да 90-годдзя з дня нараджэння Анатоля Клышкі.
“Аднойчы Алеся з сям’ёй пераязджае. У новай краіне ўсё здаецца ёй дзіўным і непрыветным. Ці атрымаецца ў Алесі знайсці сяброў, палюбіць вялікі горад і адчуць сябе на сваім месцы?” — інтрыгуе анатацыя да кнігі.
Гэта кранальная гісторыя пра эміграцыю і пошукі апірышча ў новых абставінах, з якімі сутыкнуліся тысячы беларускіх дзяцей. Зрэшты, краіны ў кнізе не называюцца, таму твор Таццяны Багданавай будзе зразумелы і маленькім чытачам далёка за межамі Беларусі, якія аказваюцца ў падобных сітуацыях.


Кніга “Не на сваім месцы” ўжо даступная для пакупкі на сайце, а неўзабаве з’явіцца ў кнігарнях у Варшаве (ul. Oleandrów 6/2) і Беластоку (ul. Warszawska 1a).
Таццяна Багданава — беларуская мастачка і аўтарка родам з Гомеля. У 2023 годзе ў выдавецтве “Папуры” выйшла яе дзіцячая кніга “Мацей і чароўная раса”.
Гэтым летам ілюстрацыі да англамоўнага варыянту кнігі “Не на сваім месцы” (“Out of Place”) трапілі ў фінал прэстыжнага міжнароднага конкурсу Hiii Brand Illustrators Awards.






