Выходзіць выбранае Галчыньскага ў перакладах Хадановіча

Выдавецтва Gutenberg Publisher анансавала выхад з друку кнігі выбраных вершаў Канстантага Ільдэфанса Галчыньскага “Вуліца Шарлатанаў” у перакладах Андрэя Хадановіча.

Зборнік-білінгва (апроч перакладаў усе ахвочыя змогуць пачытаць арыгіналы вершаў) мае выйсці 20 ліпеня, а пакуль адкрытая перадзамова на навінку на сайце выдавецтва.

Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч гэтак піша пра К. І. Галчыньскага і новую кнігу выбранага:

“Пісаў зялёным атрамантам і не пісаў у шуфляду, бо прагнуў кантакту з публікай, якая яго багоміла. У міжваенны час меў багемную славу, і ўсенародную папулярнасьць пасьля вайны. Зьведаў супэртыражы і забарону на друк. Творцу ня раз “кэнсэлілі” (і дагэтуль спрабуюць) за правую ці левую кан’юнктурнасьць, а ён так напраўду ня знаўся на палітыцы, бо шчыра верыў толькі ў натхненьне, паэзію і віртуознае майстэрства паэта. Здагадаліся, якога?

Шэсьць гадоў правёў у нямецкім палоне, дзе “маўчаў як скала”, але тыя колькі вершаў, што напісаў, сталі легендарнымі. Год вандраваў па Эўропе, бо вяртаньне ў “народную” Польшчу азначала страту паэтычнай свабоды. І ўсё-ткі вярнуўся, бо дома былі жонка, дачка — і польская мова, якую ён умеў слухаць. І на тэрыторыі абсурду ды (сама)іроніі адваяваў сабе прастору для вольнай творчасьці, недаступную “сур’ёзьнейшым” аўтарам. Быў найлепшым польскім паэтам у найгоршыя для паэзіі часы.

Ня быў ідэальным мужам, але хто яшчэ так апеў жонку і гармонію сямейнага побыту ў геніяльных вершах? Знаўца-мэляман, найлепшыя паэмы ствараў згодна з музычнымі прынцыпамі. Паліглёт і эрудыт, як мала хто чэрпаў з глыбіняў культуры.

А яшчэ Галчыньскі… добра кладзецца на беларускую мову. Шмат перакладаў з кнігі “Сёмае неба” (2006) — ад Леаніда Дранько-Майсюка да Марыі Мартысевіч — гэта пацьвярджае. А “Вуліца шарлатанаў”, якую вы трымаеце ў руках, — найпаўнейшае беларускае выданьне паэта. Палова сабраных тут вершаў і паэмаў друкуецца на нашай мове ўпершыню або ў новых перакладах, зробленых для гэтай кнігі”.