Выйшаў “Купальскі спеўнік” — прэзентацыі ў Гаазе, Варшаве, Сіэтле

Каманда культурніцкай ініцыятывы “Этна Традыцыя” разам з музыкам і даследчыкам беларускай спеўнай традыцыі Сержуком Доўгушавым паведаміла пра выхад новага выдання — кішэннага “Купальскага спеўніка”, які ўклала Паліна Курановіч. Сродкі на друк і падрыхтоўку кнігі збіралі талакой.

Купалле — адно з самых любімых беларускіх святаў, якое кожны год збірае разам сотні людзей у розных краінах. Новы зборнік выйдзе акурат да дня летняга сонцастаяння, каб ва ўсіх ахвотных пад рукой былі тэксты і падказкі для святкавання, піша “Рэформ”

Што ўнутры новага зборніка?

Вядомая этна-спявачка і фалькларыстка Паліна Курановіч адмыслова для “Купальскага спеўніка” сабрала пад адной вокладкай цэлы гатовы комплекс для святкавання:

  • Купальскія песні з розных рэгіёнаў Беларусі разам з нотамі і спецыяльным аўдыёдадаткам;
  • Характарыстыкі, кантэкст і падрабязныя апісанні кожнага спеву;
  • Пакрокавыя інструкцыі, гатовы сцэнар і галоўныя этапы Купалля.

Таксама зборнік змяшчае пераклады тэкстаў на ангельскую мову.

Працяг папулярнай серыі

Гэта ўжо не першы супольны поспех каманды і беларускіх фундатараў. Раней у гэтай серыі выходзілі кішэнныя спеўнікі, якія сталі запатрабаванымі і папулярнымі сярод беларусаў: “Народны”, “Калядны”, “Бяседныя песні”, а таксама “Дзіцячы спеўнік”, які пабачыў свет у 2024 годзе.

“Купальскі спеўнік” працягвае гэтую традыцыю і выйшаў накладам 1000 асобнікаў. Навінку ўжо можна набыць у Варшаве ў кнігарнях “Кнігаўка” (ul. Ks.Kłopotowskiego 4), Vyraj (ul. Aleja Armii Ludowej 12), “Букіністка” (Juliana Smulikowskiego 4C/Local B1).

Першая прэзентацыя і святкаванне Купалля адбудзецца 20 чэрвеня на Паўночным моры ў Гаазе (Нідэрланды)

У Варшаве “Купальскі спеўнік” прэзентуюць 23 чэрвеня, 18:00
Месца: Uniwersytet Warszawski (ul. Dobra 55)

А далей чакаюцца святкаванні і сустрэчы на іншым баку Атлантыкі:

20 June — North Sea (The Hague, NL)
27 June — Seattle, USA
28 June — Santa Cruz, USA
3–4 July — Toronto, Canada

Сачыць за святкаваннямі і Купалля і жывымі прэзентацыямі спеўніка можна на старонцы Сержука Доўгушава.

Для тых, хто хоча далучыцца да іншых ініцыятыў “Этна Традыцыі” ці падтрымаць выданне наступных зборнікаў, магчымасць зрабіць данат можна тут.