Арганізатары прэміі імя Францішка Багушэвіча абвясцілі кароткі спіс за 2025 год. У фінальны адбор увайшлі сем твораў – кнігі, падкасты і аўтарскія медыяпраекты, што даследуюць беларускую памяць, мову, гісторыю і сучасны досвед праз літаратуру, рэпартаж, фальклор і візуальнае апавяданне.
Сёлета кароткі спіс аб’яднаў вельмі розныя інтанацыі і формы: ад палявога даследавання музычнага фальклёру да рэпарцёрскай прозы, ад літаратурнага падкаста да паэтычнай кнігі. Праз асабістыя гісторыі, архівы, мову і памяць гэтыя працы прапануюць уласны спосаб гаварыць пра Беларусь.
У кароткі спіс увайшлі:
Кнігі:
- “І даўней так пелі: Музычны фальклор старавераў паўночна-заходняй Беларусі” – Вольга Барышнікава (Skaryna Press, Лондан, 2025);
- “Кола дня” – Аляксандра Турава (2025, зашыфраваны ўдзел);
- “Кровазварот” – Юля Цімафеева (Янушкевіч, Варшава, 2025);
- “Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці” – Ганна Кандрацюк (выдавецтва Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, Беласток, 2025);
- “Цені падмуркаў” – Milestone (2025, зашыфраваны ўдзел);
Артыкулы, падкасты, відэаблогі і іншае:
- Падкаст “Літаратурныя зацемкі” – аўтар і вядоўца Сяргей Дубавец (2025);
- Тэлевізійны праект “Сармацкі вус” – аўтар і вядоўца Цімафей Акудовіч.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча – штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная ў 1996 годзе. Традыцыйна яна ўручаецца за найлепшыя творы, якія служаць аднаўленню гістарычнай памяці і спрыяюць фармаванню і ўмацаванню беларускай ідэнтычнасці.






