22 траўня ў Познані абмяркуюць навінкі ад Rozum.Media і Skaryna Press

У выдавецтве Rozum.Media выйшаў пераклад на беларускую “Успамінаў Францішка Міцкевіча”, а ў Skaryna Press “Беларускія галасы з Познані” Паўла Залескага. Абедзве кнігі прэзентуюць у Познані 22 траўня на сустрэчы пра памяць і час, пра страты і надзею, пра людзей і словы, якія працягваюць жыць.

“Успаміны Францішка Міцкевіча” — гэта вельмі асабісты і нечакана сучасны тэкст пра Наваградак, сям’ю Міцкевічаў, памяць, дарогу і жыццё ў эміграцыі. Кніга ўпершыню загучала па-беларуску дзякуючы працы перакладчыка Міхала Карневіча.

Асноўны змест твору — аповеды пра дзяцінства і юнацтва, сямейнае асяроддзе, адукацыю і фармаванне светапогляду. Францішак Міцкевіч з увагай да дэталяў апісвае штодзённае жыццё, звычаі і традыцыі, што дазваляе лепш зразумець сацыяльна-культурныя ўмовы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Асобнае месца займаюць успаміны пра вядомых асобаў і падзеі, якія паўплывалі на ягонае жыццё і дзейнасць. Аўтар таксама разважае пра палітычныя і гістарычныя працэсы ў Еўропе, у тым ліку пра змены дзяржаўных межаў і іх уплыў на лёс людзей.

На сустрэчы таксама пойдзе размова пра кнігу “Беларускія галасы з Познані” Паўла Залескага, якую складаюць шчырыя гісторыі беларусаў, для якіх Познань стала новым домам пасля 2020 году.

Пасля 2020 года тысячы беларусаў мусілі пакінуць радзіму і нечакана для сябе сталі эмігрантамі. Па–рознаму склаўся іх лёс, але кожная іх гісторыя — каштоўная. У гэтай кнізе — 64 гісторыі — галасы тых, хто з нуля, з годнасцю і моцнай надзеяй, пачалі новае жыццё.

22 траўня
18:00
Aleja Marcinkowskiego, 11 (MIP)

Падчас сустрэчы можна будзе набыць кнігі і атрымаць аўтографы аўтара Паўла Залескага і перакладчыка Міхала Карневіча.

Загалоўнае фота: Photocreo Bednarek – Fotolia