Па-беларуску выйдзе адна з найвядомейшых кніг пра будызм

Выдавецтва Gutenberg Publisher падзялілася навіной пра набыццё правоў на беларускі пераклад кнігі “The Heart of the Buddha’s Teaching: Transforming Suffering into Peace, Joy, and Liberation” Тхыць Нят Ханя і анасавала выхад навінкі ў канцы 2026 году.

Над перакладам кнігі працуюць Ларыса Івашкевіч, Антон Тарас і Макс Шчур.

“The Heart of the Buddha’s Teaching: Transforming Suffering into Peace, Joy, and Liberation” ёсць адной з самых вядомых і даступных кніг пра будызм, у якой аўтар — дзэн-майстар і мысляр — проста і глыбока тлумачыць асновы вучэння Буды: Чатыры высакародныя ісціны, Васьмярковы шлях і практыку ўважлівасці. Кніга не толькі пра філасофію, але і пра тое, як у штодзённым жыцці працаваць з болем, трывогай і няўпэўненасцю — і паступова ператвараць іх у спакой, радасць і свабоду.

Гэта тэкст, які многія называюць “уваходам у буддызм”: ён не патрабуе папярэдніх ведаў і адначасова адкрывае вельмі практычны, чалавечны спосаб думаць пра сябе і свет.