У новым выпуску аўтарскага падкасту “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец чытае кнігу “Проста з любові” пісьменніцы з Беласточчыны Ганны Кандрацюк. Партрэты сямі асобаў па абодва бакі мяжы (Каліноўскі, Папялушка, Пушкін, Артымовіч, Гіль, Гумянюк і святая Марыя (Петручук)) і іх месца ў культуры, гісторыі і памяці Падляшша.
Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.
Ганна Кандрацюк журналістка зь вялікім досьведам, яна піша рэпартажы, якія ператвараюцца ў апавяданьні, што просяцца за межы жанру, туды, дзе гістарычнае эсэ ці партрэт мастака ці літаратуразнаўчы аналіз… А пры тым рэпартаж ня хоча адпускаць яе ў вольнае плаваньне, яна мусіць быць тут, на месцы, як першы трансьлятар усяго, што адбываецца, і першы, каму мусіць верыць або ня верыць, каму суперажываць чытач. Як бы моцна ні ўражвалі факты. Гэтак праз рэпартаж сама зямля беларускага Падляшша расказвае пра сябе сваю непаўторную гісторыю. І гэта найперш гісторыя пра сьмерць.
Ганна піша, што калега — беларускі пісьменьнік зь Беласточчыны Сакрат Яновіч сваіх аднавяскоўцаў называе бацькамі сусьветнага тэрарызму, а яго пачынальнікам — Кастуся Каліноўскага, земляка родам з Падляшша. Праўда, тут ужо разабраліся з тэрарызмам і экстрэмізмам і ня дураць сабе гэтым галаву. Бо экстрэмізм, уласьцівы паўстанцам, гэта рэакцыя на брутальную і масавую вярбоўку ў рэкруты і паліцыю, а таксама на жорсткі кантроль паліцэйскай дзяржавы. Так было за Мураўёвым, так ёсьць і ў сучаснай Беларусі. Такую рэакцыю выклікае сама ўлада, якая не жадае быць для народа сваёй. І атрымлівае водгук у выглядзе экстрэмізму. Разумны тут падумаў бы, чаму гэтай праблемы няма ў Польшчы ці Літве? Бо ўлада і там была чужая, а стала свая. А ў Беларусі сваёй ня стала.
Вядома, гэтая гісторыя глыбейшая, гісторыя пра сьмерць. Але зь ёй і разьбірацца пры несваёй уладзе немагчыма. І ўзяліся за яе толькі тады, калі ўлада стала сваёй. У бацькоў Кастуся Каліноўскага 12 дзяцей памерлі перш, чым нарадзіўся Кастусь. Мне адчуваецца, што зь лічбамі тут перабор. Маю на ўвазе свой уласны жыцьцёвы і кніжны досьвед. Кажуць, была нейкая генэтычная хвароба, але, мне ўяўляецца, што ніякай настойлівасьці ня хопіць, калі ўступаецца ў суцэльную павалоку бездыханнага тхненьня сьмерці…
***
Ганна згадвае, як у жніўні 2000 году яны з каляжанкай Ленай Глагоўскай і сябрамі наведалі вёску Стаўрова на Віцебшчыне, радзіму мастака Пётры Сергіевіча, гэта раён Відзаў. А натурай на карцінах пра Каліноўскага ў Сергіевіча выступіў сам Сергіевіч. Як проста можа пісацца гісторыя…
“У Стаўрове мы натыкнуліся яшчэ на аматараў-краязнаўцаў зь мястэчка Відзы. Ім загадалі дасьледаваць гісторыі «правільных» партызан, зацікавіць іх тымі партызанамі-паўстанцамі, якіх намаляваў Сергіевіч, патрабавала многа часу і працы. Таму стаўроўцы гасьцілі моладзь і, каб не сказаць ім лішняга, частавалі яблыкамі ды адсылалі ў іншыя вёскі.
— Там, напэўна, больш вам скажуць!
Затое з прыемнасьцю і настальгіяй апавядалі пра «партызан» Пётры Сергіевіча. У вёсцы ажно выглядалі прыездаў мастака! Вось гэтыя славутыя карціны: «Кастусь Каліноўскі і Валеры Ўрублеўскі робяць агляд паўстанцаў», «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 году» — намаляваныя ў Стаўрове. Тады ў акце мастацтва прымаў удзел увесь калгас, які на некалькі дзён пераўвасобіўся ў статыстаў. Пётра Сергіевіч сябраваў са старшынёй калгаса, і той на просьбу мастака, замест працы ў полі, пасылаў мужыкоў пад камандаваньне Сергіевіча. Натуршчыкі да канца жыцьця ўспаміналі партызанскую прыгоду з Кастусём Каліноўскім. Бо, раней чым схапіць косы і вілы, ім прапанавалі скінуць зь сябе настрой стомы і прыгнёту, а ў мастацкую атмасфэру дапамагала ўваходзіць самагонка і рыбны суп «юха», якім па сёньняшні дзень тут частуюць гасьцей.
— А хто зь вяскоўцаў ствараў вобраз Кастуся Каліноўскага? — дапытваліся мы ў былых натуршчыкаў-статыстаў.
Апошняя справа выглядала падазрона, паколькі жыхары Стаўрова ў значнай колькасьці нашчадкі расіян-стараабрадцаў.
— Вы самі яго добра ведаеце!
У Стаўрове мы зірнулі на паўстанцкія карціны новымі вачыма і ў асобе Кастуся Каліноўскага пазналі самога мастака Сергіевіча”.
Літаральна на каротка нам удаецца вынырнуць з павалокі сьмерці да сьветлага генія Сергіевіча, але тут жа мусім вяртацца. Бо самыя яркія плямы гісторыі Беласточчыны пазначаныя зусім не пазытывам. Там забойства Папялушкі або далей цэлыя сьмяротныя рэйды Рамуальда Райса…
***
“Дэталі, на якія ніхто іншы, бадай, не зьвярнуў бы ўвагі. Тады, у 2010 годзе ўражлівы малодшы брат Папялушкі Станіслаў на пытаньне, ці захоча ён са мной паразмаўляць папросту, адказаў с ходу:
— Я іначай як па-просту і не размаўляю.
Пасьля першага візыту ў Акопы многія мае ранейшыя ўяўленьні пра блаславёнага Ежы Папялушку перакуліліся дагары нагамі. Уразіла мяне бездапаможнасьць і страх ксяндза-пакутніка перад прыежджымі. Брутальная сьмерць 17 кастрычніка 1984 г. пакінула балючы адбітак на здароўі сям’і.
— Я ня даў рады нават сярэдняй школы закончыць, — кажа Станіслаў Папялушка (брат сьвятога). — Людзі ўнікалі нас, прыдзіраліся без прычыны, дапякалі. Гаварылі, што едзем на славе забітага брата, што нас па беластоках і варшавах, як паноў возяць”.
Чаму мясцовыя абыякавыя да Папялушкі? Ксёндз кажа, што мясцовыя не дапамагаюць, спасылаюцца на брак часу, не пачуваюцца перакананымі ў важнасьці такой дапамогі, проста ня вераць у тую Папялушкаву сьвятасьць…
Недавер да сьвятасьці чырвонай ніткай праходзіць праз рэпартажы і пра самога Каліноўскага (хоць ён і не кананізаваны) і да сьвятога Папялушкі, і да сьвятых ахвяраў Рамуальда Райса (Бурага)…
“Калі ўзіраюся ў адталыя сівыя загоны з заледзянелымі барознамі, мне хочацца думаць пра Сумную Багародзіцу на магіле пакутніцы Марыі, у якой па абліччы сьцякаюць крывавыя сьлёзы ў Марыі, якая памірае на шпітальным ложку. Яна ўсімі сіламі трымаецца за жыцьцё, ёй хочацца жыць, бараніць родных. Мабыць, яна ўжо ведае, што адбудзецца зь яе сястрой-інвалідам і маці. А можа, чуе брутальны рогат гісторыі, якая не прыкмеціць яе адвагі, змаганьня. Жыцьцё тут коціцца сваімі каляінамі: з прыхаваным насільлем, патрыярхальным прыгнётам, дзе шанец на выжываньне — у безабароннай пакорлівасьці і паслухмянасьці”. Мабыць, так выглядае філязофія тутэйшага жыцьця.
Пілігрымы ў рэпартажах Ганны размаўляюць пра самае важнае: што беларушчына не перадаецца наступнаму пакаленьню. Што сумняюцца ў сьвятасьці сьвятых…
“Яшчэ ў дарозе мы разважаем, як накіраваць культ падляскіх сьвятых на пазытыўныя хвалі. — піша Ганна.
— Бо і ў такой Гайнаўцы ёсьць праваслаўныя, якія ня хочуць іх прызнаваць, — наракае паломніца Вольга. — У вочы мне кажуць: «Ці яны заслужылі на такі гонар, каб я да іх маліўся?! Што яны такога зрабілі?» Адна знаёмая, муж якой мундуровы, сказала, каб не марочылі ёй галаву, бо яшчэ гэтыя сьвятыя мужу на працы пашкодзяць”.
Сьвятыя — неапраўдана забітыя ў 1946 годзе. Акурат праводзіўся абмен беларусаў з Польшчы на палякаў зь Беларусі. Ясна, што ўсім тады было ня проста. Але вайсковыя банды мэтава забівалі беларусаў з Падляшша, такім чынам “вымушаючы іх зьяжджаць у Беларусь”. Гэта былі жорсткія этнічныя чысткі, інакш іх не назавеш. Калі ты не паляк і не падаўся высяленьню ў Беларусь, ты падлягаеш расстрэлу. Пасьля, вядома, тыя забойствы будуць асуджаныя, калі ўжо ўсё адбылося. Ахвяраў бэатыфікуюць у сьвятых, праўда, у праваслаўным абрадзе, у праваслаўнай царкве ў Польшчы. А тутэйшы нашчадак беларусаў будзе задавацца пытаньнем: ці сьвятыя яны ўжо праз тое, што іх застрэлілі, хай сабе і незаконна… Тут, бадай, кожны задумаецца, ці маліцца такому сьвятому або такім сьвятым.
Ганна распавядае пра пілігрымкі, якія ладзяцца ў гонар гэтых сьвятых у памятныя месцы іх страты. Але падступнае пытаньне не адпускае і апраўдвае ў пэўным сэнсе тых, хто да гэтых пілігрымак не далучаецца. На ўсякі выпадак Ганна нагадвае, што Падляшша — самы рэлігійны рэгіён Польшчы. Гэта амаль як папярэджаньне пра агрэсію, бо такое папярэджаньне мусіць запальваць чырвоную лямпачку алярму. Чалавеку зь нерэлігійнае Беларусі разабрацца ў гэтым няпроста.
***
“Усяго кананізавана ў Мялешаўскай парафіі 31 асоба праваслаўных”.
Для чалавека, які звыкся да шматканфэсійнасьці, досыць нечакана гучаць радкі календара…
6 кастрычніка 1996 — Папа Рымскі Ян Павал ІІ бэатыфікаваў 13 падляскіх мучанікаў, якія загінулі ад рук расейскіх жаўнераў у мястэчку Пратулін (цяпер Люблінскае ваяводзтва) 26 студзеня 1874, баронячы сваю ўніяцкую царкву ад ператварэньня яе ў праваслаўную.
То бок уніяты з Пратуліна ішлі на сьмерць, абы царква іх ня стала праваслаўнай…
А чаму царква ў Падляшшы не пайшла далей шляхам Уніі, хоць была з часоў Берасьцейскага сабору самай блізкай і да Уніі, і да сабору… Яшчэ ў Падляшшы нараджаліся ўніяты — сьвятары, прафэсура Віленскага унівэрсытэту, якія спрыялі нараджэньню новага беларускага руху… Чаму царква не трымалася свайго ўніяцтва, а перарабілася на РПЦ? — гучыць наіўнае пытаньне прафана…
***
Наступная паездка ў Бабёр да Алеся Пушкіна. Тут апісаньне сядзібы і навакольля поўнае эксцэнтрычных дэталяў.
“І калі верыць у містыку, то ў мяне такое прадчуваньне: раней ці пазьней Алесь Пушкін будзе кананізаваны. Людзі будуць ушаноўваць 11 ліпеня — дзень яго пакутніцкай сьмерці і — зь песьнямі, чаркай, надзеяй, як Купальле. Гэта ён сам пабачыў і намаляваў на сьветлым турэмным рысунку пад загалоўкам: «Пушкіна выпусьцілі з турмы!» Як жа радасна было глядзець на гэты малюнак, перададзены ім напрыканцы жыцьця з-за турэмных крат”.
Ганна цытуе сваё ліставаньне з Пушкіным, распавядае пра сустрэчу зь ім на вэрнісажы, прысьвечаным эль Грэка ў польскіх Седльцах, а таксама — пра гутаркі пра стан мастакоў у сучаснай Беларусі…
“Падляскі беларус, хоць сам часта практыкуе язычніцтва, з агідай адкіне заходнюю, рымскую традыцыю. Такім чынам ён будзе бараніць роднае праваслаўе. Усё, што ксяндзоўскае і каталіцкае, будзе для яго падазроным і варожым. З насьцярожанасьцю будзе ўспрымаць творчыя міжканфэсійныя кантэксты, хоць і будуць яны геніяльна асьветлены мінскімі творцамі.
Я сама паддалася «падляскім» настроям. Перад абразом блаславёнага Ежы Папялушкі я падумала пра падляскую зайздрасьць. Гэты абраз з ходу захапілі б беластоцкія каталікі. А кожны намёк пра супольнасьць у хрысьціянстве яны палічылі б правакацыяй або сьвятатацтвам…” Інакш кажучы, гэткая міжканфэсійная варожасьць захоўваецца, хоць наўрад ці можна было б прывесьці для гэтага важкія аргумэнты. Дастаткова было б таго, што касьцёл у Беларусі ўстаў на бок беларускай мовы, а РПЦ — фактычна наадварот.
***
Візыт у Засьцянковую хатку Юрыя Гіля — чарговая прыгода. У мяне зьяўляецца адчуваньне, што чытаеш пра нейкіх фрыкаў, што займаюцца абы-чым, што самі прыдумалі сабе праблему…
Засьценак Вышунава на Парфёнаўшчыне 20 км ад Буцлава. Юры Гіль абраў сабе пасаду старшыні Таварыства беларускай мовы Віленскага краю, што, на маю думку, вымагала б тытанічнае працы, бо мусіла б вяртаць калясальныя моўныя страты — страчанае прэстыжнае месца беларускай мовы. Але займаўся Гіль падзелам сваёй асабістай спадчыны па бацьках у Докшыцкім раёне, куды і запрасіў гасьцей, у тым ліку і зь Беласточчыны, пра што Ганна і мусіла рабіць рэпартаж. Дзялілі хату і зямлю, быццам умоўна згадваючы, што ўсё гэта — “пад калгасам”, але, нібыта, усё вернецца…
“Сёньня ў Засьцянковай хатцы забітыя дошкамі вокны. Крыжы і сьвятыя фігуры выконваюць ролю сімвалаў-ахоўнікаў. Восеньню 1999 году кіраўніцтва калгасу «Чырвоны сьцяг» рашыла брутальна выдварыць гаспадара з бацькоўскай хаты…”
Словам, усё адбылося так, як і мусіла адбыцца пры ўсякіх абставінах.
Звычайна кажуць, што гэты чалавек гуляе па вялікаму і такія пэрсанажы робяцца героямі рэпартажаў Ганны. Акурат як мастак Сергіевіч са сваёй геніяльнай задумай у Стаўрове. А пра кагосьці скажуць, што гуляе па малому, і лёс такога пэрсанажа можа выклікаць хіба што шкадаваньне, ня болей, бо ніякага выніку ягоныя пляны-задумы і ня мелі на ўвазе. Тады кажуць: марны лёс…
***
Асобны разьдзел — пра сьмерць Надзеі Артымовіч… Кніга сьмерці — быццам нагадвае пра сябе, падтрымлівае свой вобраз. І ўжо наступны разьдзел — быццам таксама пра сьмерць паэта Юры Гуменюка, але напаўненьнем зусім супрацьлеглы. Ён нават нахрапіста пра жыцьцё, ён быццам адмаўляецца ад сьмерці.
Тут жывое перабівае мёртвае — усё выглядае па-іншаму, сьмерці адыходзяць, пакідаючы жыцьцё. Гэта найлепшая праца, бо асоба Гуменюка і абставіны знаёмства зь ім выцягваюць інтарэс да жыцьця. Ганьне хапае і словаў для разбору паэзіі.
“Таямнічасьць і далікатнасьць хадзілі зь Юрасём у пары амаль да канца жыцьця. Ён не хваліўся сваімі эратычнымі заваёвамі, хаця тое захапленьне і энэргія эратычных заваёў не адпускалі яго да саракоўкі. Часам дарагім, каханым асобам ён прызначаў творы. А ўжо ў адносінах да выпадковых нахабаў і вулічных каханкаў, якія выкарыстоўвалі яго наіўнасьць, расхістанасьць ці нецьвярозасьць, ня меў літасьці і распавядаў пра іх з уласьцівым яму чорным гумарам, а нават з жахам. У час апошняй сустрэчы Юрась наракаў на Скубанца, маладога каханка з крымінальнай гісторыяй, які завалодаў яго душой і кашальком. Яму падабалася вастрыня і непрадбачанасьць гэтага пачуцьця, ды нават бессэнсоўнасьць і непазьбежны крах гэтай дурной прыгоды. А мы зь Мірай, слухаючы яго шчырыя прызнаньні, дрыжэлі за яго і крычалі: «Што ты робіш, апамятайся! Кінь ты таго злодзея!»”
Што з таго ўсяго выйшла, мы, на жаль, ужо не даведаемся ніколі.






