У выдавецтве “Янушкевіч” выйшла восьмая кніга вершаў паэта і перакладчыка Ігара Кулікова “Горад N.”, дзе сабраныя творы, напісаныя ў 2024—2026 гадах. Зборнік апавядае пра абжыванне і пражыванне прасторы і часу ў трох сталіцах (Менску, Вільні і Варшаве), а таксама іншых гарадах і мясцінах Зямлі.
Аўтар пра кнігу:
“Гэтая кніга пра Менск, Вільню, Варшаву ды іншыя гарады й мястэчкі, якія патрапіліся аўтару на дарозе ў нетутэйшую далечыню. Гэта зборнік не столькі вершаў, колькі моўных здымкаў, спроба зафіксаваць прастору і час: свае — каб запабегчы немінучаму адчужэнню ва ўмовах нерадзімы, чужыя — каб абжыць і прыпадобніць новыя месцы да сваіх, не прысвоіць іх, але хаця б зрабіць утульнейшымі.
Моўныя фота дапаўняюцца фота звычайнымі, якія ня толькі размаўляюць з суседнімі тэкстамі, але і самі па сабе складаюцца ў невялікую кнігу ў кнізе. Бальшыня матэрыялу была створана ўжо не ў Беларусі, і толькі некаторыя вершы і здымкі паходзяць яшчэ з даэміграцыі — у пэўным сэнсе гэта кніга выдадзена навыперадкі з забыццём як вонкавы носьбіт памяці пра тое важнае, што дазваляе заставацца на плаве быцця. Толькі важнасць гэтая, няхай і часта тужлівая і балючая, насамрэч бязважкая, як сонечнае святло, бо асвятляе будучы дзень”.
У кнізе змешчаны таксама пераклад аднаго верша літоўскага паэта Генрыкаса Радаўскаса.
Набыць навінку можна ў кнігарні “Кнігаўка” ў Варшаве, а таксама замовіць на Allegro.pl і Knihauka.com.






