У выдавецтве Gutenberg Publisher выйшла кніга апавяданняў Гаўарда Філіпса Лаўкрафта “Іншыя Багі”. Пераклад здзейснілі сямёра перакладчыкаў, якія аб’ядналіся ў ініцыятыву BelRead, адрэдагаваў кнігу Андрэй Хадановіч.
У Гаўарда Філіпса Лаўкрафта ёсць творы, якія даследчыкі аб’ядноўваюць у “Цыкл сноў”, — з яго і выбраныя апавяданні кнігі “Іншыя Багі”. Пісьменніка шануюць перадусім як майстра касмічнага жаху, стваральніка Ктулху і незлічонай колькасці пачвар, што ўвасабляюць абсалютны хаос, але зборнік беларускіх перакладаў запрашае ў падарожжа іншага кшталту. Гэта падарожжа ўнутр, у Краіну Сноў — прастору, дзе замест касмічнай пустэчы пануе найглыбейшая, часам амаль невыносная настальгія.
“Падарожжы па краіне сноў — не проста гісторыі, гэта вытанчаная літаратурная спроба вярнуць страчанае. Героі гэтых апавяданняў, людзі з тонкім адчуваннем або выключным уяўленнем, не банальна ўцякаюць ад праблем эпохі і шэрасці рэальнасці. Яны — мройнікі, якія імкнуцца аднавіць страчаную сувязь з лепшым станам душы, здольным на здзіўленне. Дзяцінства, успаміны пра родны край, вобразы ціхага, старога дома, не забруджанага горам, — усе гэтыя элементы становяцца будаўнічым матэрыялам для Краіны Сноў. Гэта месца, дзе ўсё дагэтуль магчыма, дзе прыгоды і таямніцы не былі яшчэ выцесненыя рацыяналізмам і прагматызмам”, — гаворыцца ў апісанне на сайце выдавецтва, дзе кнігу можна замовіць проста цяпер.
ЗМЕСТ

Палярыс. Пераклаў з ангельскае Ілля Сугака
Белы Карабель. Пераклаў з ангельскае Леанід Аўдовіч
Дзіўны дом высока ў тумане. Пераклаў з ангельскае Яўген Пятліцкі
Жахлівы Стары. Пераклаў з ангельскае Яўген Пятліцкі
Срэбны Ключ. Пераклала з ангельскае Кацярына Цеплакова
Келефаіс. Пераклаў з ангельскае Яўген Пятліцкі
Ліха над Сарнатам. Пераклаў з ангельскае Анатоль Тараскевіч
Пошукі Іранона. Пераклаў з ангельскае Андрэй Мітусневіч
Іншыя Багі. Пераклаў з ангельскае Анатоль Тараскевіч
Мройны пошук нязведанага Кадата. Пераклаў з ангельскае Ілля Сугака
Памяць. Пераклаў з ангельскае Леанід Аўдовіч
Зацемкі пра напісанне хімернай прозы. Пераклаў з ангельскае Яўген Пятліцкі






