Выйшла новая дзіцячая кніга ад Надзеі Ясмінскай

У выдавецтве “Папуры” выйшла новая кніга Надзеі Ясмінскай “Матулін дзень” з ілюстрацыямі Таццяны Багданавай. Да канца тыдня навінка мае з’явіцца ў фізічных і анлайн-крамах Беларусі, а праз тыдзень яе можна будзе замовіць па ўсім свеце.

“Трайняты Янік, Яся і Ягорка ведаюць, што заўтра — матуліна свята. Ім споўнілася пяць, а значыць, яны ўжо дарослыя і могуць самастойна прыдумаць, што падараваць сваёй маме. «Я ўсё маю, і нават зашмат, — сказала яна. — Хіба што мару як след выспацца ды адпачыць… Таму можаце падарыць мне заўтра трохі спакою». Прапанова выдатная, толькі што такое спакой і дзе яго знайсці? Адкрывайце кнігу і выпраўляйцеся на пошукі разам з трайнятамі!”

Летась кніга “Матулін дзень” была сярод пераможцаў чытацкага галасавання ў намінацыі “Дзіцячая і падлеткавая кніга” ў межах конкурсу рукапісаў “Шуфлядка”.