“Каласы пад сярпом тваім” Караткевіча выдадуць у замежжы

Адзначаючы 95-ці годдзе Уладзіміра Караткевіча, які нарадзіўся 26 лістапада 1930 году, Фонд Kamunikat.org падрыхтаваў у друк адзін з самых любімых твораў беларускай літаратуры Каласы пад сярпом тваім.

“Каласы пад сярпом тваім” гэта глыбокі і па-майстэрску скроены вялікі гістарычны раман. Але сёння асоба пісьменніка не меней важная для нас за павароты сюжэту. І калі мы бяром у рукі кнігу — мы хочам чуць голас аўтара без шоргату цэнзарскага алоўка”, тлумачаць важнасць праекту выдаўцы.

За межамі Беларусі раман па-беларуску выходзіць упершыню. У гэтым выданні публікуецца менавіта той тэкст, за які аўтар змагаўся пры жыцці, здымаючы праўкі, зробленыя для выдання 1968 году.

“Асцярожна, кіруючыся тэксталагічнай эмпатыяй, мы робім некалькі важных кан’ектур і тым вызваляем голас пісьменніка ад ідэалагічнага ціску. Мы вяртаем асобныя формы словаў, што ў савецкі час былі непрымальнымі, а цяпер цалкам звыклыя — і аказваецца, Караткевіч так і пісаў! Мы аднаўляем аўтацэнзурныя скарачэнні: пісаў раман чалавек смелы, а ў друк аддаваў рацыянальны. Забыліся імёны тых, хто рабіў з Караткевіча агульнага — і нічыйнага, выкрэсліваючы з тэксту «Беларусь», «беларусаў», «Падняпроўе» і «Раку». А словы зноў занялі належнае ім месца на старонках”, — раскрываюць адметнасці выдання ў Фондзе Kamunikat.org.

«Каласы пад сярпом тваім» — гэта падарожжа не толькі ў пярэдадзень паўстання 1863–1864 гадоў, але і ў свет эмоцый чалавека, які можа і не першым заўважыў несправядлівае замятанне пад хаднік сапраўднай беларускай гісторыі, але адным з першых пякуча не мог прамаўчаць. Галасы яго герояў, іх лёсы, хай ідэалізаваныя, не маглі і не мусілі быць іншымі: толькі вяртаючы сваё напоўніцу, мы можам спадзявацца на гармонію раўнавагі.

Кнігу “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча можна замовіць на сайце Kamunikat.shop, высылка па ўсім свеце пасля 15 студзеня 2026.