Хадановіч і Някляеў — у польскай анталогіі “Літаратура ў выгнанні”

Культурная ўстанова Willa Decjusza ў Кракаве выпусціла з друку анталогію “Literatura na uchodźstwie” (“Літаратура ў выгнанні”) — зборнік твораў пісьменнікаў, якія былі вымушаныя пакінуць свае краіны і знайшлі прытулак у Польшчы. Гадамі Willa Decjusza падтрымлівае творчых асоб, якія не могуць публікавацца і займацца творчай дзейнасцю ў сваіх краінах.

Аўтары анталогіі паходзяць з розных куткоў свету, але іх аб’ядноўвае досвед выгнання і патрэба ў творчай свабодзе. Іх галасы сёння гучаць з Кракава, Уроцлава, Гданьска, Катавіц і Варшавы — пяці гарадоў, якія, як члены Міжнароднай сеткі гарадоў-прытулкаў (ICORN), актыўна падтрымліваюць пераследаваных мастакоў.

Willa Decjusza, якая выдала анталогію, з 2011 году з’яўляецца каардынатарам праграмы ICORN у Кракаве, забяспечваючы літаратараў і мастакоў не толькі прытулкам, але і магчымасцямі для творчасці і ўдзелу ў культурным і грамадскім жыцці гораду.

“Literatura na uchodźstwie” (“Літаратура ў выгнанні”) — гэта не толькі сведчанне асабістага досведу, але і напамін пра фундаментальную важнасць свабоды слова, салідарнасці і творчай незалежнасці для дэмакратычных грамадстваў. Гэта робіць анталогію важным дакументам нашага часу. З беларускіх аўтараў на старонкі кнігі трапілі творы Андрэя Хадановіча і Уладзіміра Някляева.

“Дырэктарка Willy Decjusza Дамініка Каспровіч і Павел Лыжвіньскі трымаюць у руках першыя асобнікі анталогіі “Літаратура ў выгнаньні”, бліскуча аздобленай працамі беларускай мастачкі Лесі Пчолкі“, — падзяліўся навіной і фота ў сацсетках Андрэй Хадановіч.