У новым выпуску славацкага часопіса Romboid, які выходзіць шэсць разоў на год, беларускай літаратуры адведзена больш за 50 старонак, а вокладку адмысловага чацвертага нумару аздабляе партрэт паэткі Насты Кудасавай.
На старонках часопіса, які выдаецца Асацыяцыяй славацкіх пісьменнікаў, у ролі аўтараў і аўтарак, суразмоўцаў, крытыкаў і перакладчыкаў выступае амаль два дзясяткі беларусаў і беларусак. Раздзел “Час пустазелля: Беларуская літаратура пасля 2020 году” падрыхтавалі Сяргей Сматрычэнка і Пэтэр Мільчак (Peter Milčák).






Акрамя перакладаў паэзіі Насты Кудасавай, Дзмітрыя Строцава, Артура Камароўскага, Анатоля Івашчанкі, Георгія Барташа, Ганны Комар, Марыі Бадзей, надрукаваныя ўрыўкі прозы Максіма Знака і Ганны Янкуты. Таксама на старонках часопіса ёсць артыкулы Ціхана Чарнякевіча і Андрэя Хадановіча і кароткія анкеты з беларускімі паэткамі і выдаўцамі.