У серыі эсэ выдавецтва Skaryna Press выйшаў славуты тэкст французскага мысляра Жана-Поля Сартра “Экзістэнцыялізм — гэта гуманізм”. Пераклад на беларускую здзейсніў Уладзіслаў Гарбацкі.
Жан-Поль Сартр (1905–1980) — філосаф-экзыстэнцыяліст, пісьменнік, драматург, крытык. Адзін з самых вядомых і ўплывовых мысляроў XX стагоддзя. Тэарэтык атэісцкага экзістэнцыялізму. Галоўныя экзістэнцыялісцкія тэзы Ж.-П. Сартр выклаў у філасофскіх эсэ L’Être et le Néant (“Быцьцё і нішто”, 1943) і L’existentialisme est un humanisme (“Экзістэнцыялізм – гэта гуманізм”, 1946).
“Экзістэнцыялізм — гэта не такі атэізм, які вычэрпваецца доказамі таго, што бога няма. Хутчэй, ён абвяшчае наступнае: нават калі б бог існаваў, гэта нічога б не змяніла. Такая нашая думка. Не тое, каб мы верылі, што бог існуе, проста мы мяркуем, што праблема палягае не ў ягоным існаванні. Чалавек мусіць знайсці сябе і пераканацца, што нішто, нават важкі доказ таго, што бог існуе, не выратуе яго ад самога сябе“.
“Што ж азначае тэза „існаваньне папярэднічае сутнасці“? Гэта азначае, што чалавек спачатку існуе, надараецца, паўстае ў свеце, а вызначаецца ён ужо потым. Паводле экзістэнцыяліста, калі чалавек не паддаецца вызначэнню, то гэта таму, што першапачаткова ён — нішто. Ён становіцца чымсьці толькі потым, і ён становіцца тым, чым ён сябе зробіць. Такім парадкам, няма чалавечай прыроды, бо няма бога, каб яе задумаць. Чалавек не толькі той, кім ён сябе задумаў, але той, кім ён хоча быць“.
“Мы беспаваротна адзінотныя. Гэта тое, што я выказаў бы так: чалавек вырачаны на свабоду. Вырачаны, бо ён не сам стварыў сябе, але пры гэтым ён свабодны, бо, аднойчы кінуты ў свет, ён адказны за ўсё, што робіць“.






