У новым выпуску аўтарскага падкасту “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец рэфлексуе над раманам Алеся Аркуша “Запавольванне” (Skarynyčy, 2025). Гэта аўтабіяграфічны твор, як цяпер кажуць, аўтафікшн, дзе аўтар спрабуе ўхапіць мінулае і атрэсціся ад “звычайнага жыцця”, якога паспытаў напоўніцу.
Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.
Не скажу, што мяне надта прываблівае слова “эзатэрыка”. Не скажу, што яно можа прыцягнуць кагосьці іншага, быць дадатковай прынадай. Хутчэй, не. Але яно ёсьць і нічога з гэтым ня зробіш. Хоць бы і ў тым сюжэце, дзе літаральна цуд ратуе малому Алесю Аркушу жыцьцё.
Гэта эпізод, зьвязаны з душой, то бок, мы ўжо гаворым пра эзатэрыку, бо яна якраз апісвае гэтыя працэсы. Справа адбывалася ў Манголіі. Малы чатырохгадовы Аркуш пайшоў з бацькамі глядзець на будоўлю моста праз горную раку. І, не чакаючы бацькоў, кінуўся на мост ды ўляцеў у пустату, якая яшчэ зеўрала сям-там у насьціле. Але тут жа быў схоплены рукамі дужага будаўніка-мангола, з рудым ад вятроў тварам. А яшчэ, быццам для паўнаты карціны, у небе сярод аблокаў лунаў арол, з драпежнымі ці, наадварот, выратавальнымі думкамі — невядома. Прынамсі, малы Аркуш глядзеў на арла са спадзяваньнем — як на міжвольнага свайго прыяцеля.
Так аўтар адкрывае свой раман, і цяпер той мост, арол і рудатвары мангол будуць у розных варыяцыях зьяўляцца яму ўжо ў сталым жыцьці, напрыклад, мангол прыйдзе да яго ў парыскую кватэру, куды Аркуша пасялілі людзі са старой беларускай эміграцыі. А прыйдзе ён, каб папрасіць нож, такая будзе ягоная чыста ўтылітарная бытавая патрэба.
***
Алесь Аркуш — вядомы арганізатар пісьменьніцкага працэсу і літаратурны мэнэджар, рэдактар, паэт і празаік. Ягоная справа — альманах “Ксэракс Беларускі”, часопіс “Калосьсе”, літаратурная прэмія Гліняны Вялес ды яшчэ мноства падзеяў, імёнаў, суполак, кніг пад маркай “Таварыства вольных літаратараў”. Ён — быццам такі шырокапалы літаратурны куст, параўнаць які, лічы што, няма з чым.
Новы раман Аркуша цалкам аўтабіяграфічны, пачынаючы ад таго даўняга мангольскага сюжэту. Іншая рэч, што сцэнары падзеяў сваёй захапляльнасьцю далёка не заўсёды падобныя на дэтэктыў, а героі не заўсёды ўражваюць учынкамі. І гэта проста растлумачыць суворай праўдай жыцьця і якраз гэтай самай аўтабіяграфічасьцю, — дакладнасьцю фактаў. Зразумела, што кожную інтрыгу можна было б дапрацаваць або ўзмацніць. Але па-першае, хто гэта будзе рабіць і, па-другое, хто возьме на сябе адказнасьць за такую сутнасную містыфікацыю?
***
Натуральна, я не аднойчы думаў, чаму ў сучасных кніжак Аркуша амаль няма звышацэнак. Напэўна, прычыны гэтага ідуць з гісторыі літаратуры, з тых часоў, калі ўсяго беларускіх пісьменьнікаў была жменька, а іх вага ў грамадзтве была — як імёнаў умоўных трох былінных багатыроў. Успомніце манумэнтальныя вобразы Кандрата Крапівы ці Янкі Брыля або Петруся Броўкі… Мы ўспрымаем іх дакладна ў адпаведнасьці з тым, як іх вобразы былі пададзеныя літаратуразнаўцамі свайго часу. Асаністы паварот галавы, строгі афіцыйны строй, ледзьве заўважная ўсьмешка, ужо ў гэтым вобразе чытаўся ня проста пісьменьнік, а літаратар, ляўрэат найвялікшай ленінскай прэміі.
Літаратурная маладосьць Алеся Аркуша прыпадае на час пераменаў, гэта 1980-я гады, калі разбураўся стары парадак, а новы выглядаў незразумела і часта непрымальна. Таму і тут штосьці дадумваць было б неразумна. Важная справа — захоўваць аўтэнтыку. І калі ўсё будзе аўтэнтычнае, Аркуш пачне раскрываць свае сакрэты.
Сам вобраз Алеся Аркуша даўно створаны, падкрэсьлена самадастатковы, ураўнаважаны. Патрэбная толькі яска, у гэтым уся рэч. Усё адбываецца ў кантэксьце, які сапраўды нібыта нябачны, але там твая натхнёнасьць перадаецца чытачу. Пры гэтым, заўважце, не цярпіць ніводзін факт.
***
“Запавольваньне”, паводле ўласнага прызнаньня аўтара, — галоўная кніга ягонага жыцьця. Гэта споведзь, шчырая рэфлексія, дэталёвае асэнсаваньне мінулага, цяпершчыны і магчымай будучыні. Чытачу прапануецца выправіцца ў вандроўку — у далёкую Манголію ці ў Парыж 1980-х або ў сёньняўшнюю Ўсходнюю Эўропу, Польшчу, Літву, Украіну, дзе на вачах разгортваецца маштабная трагедыя новай вайны. Гэты тэкст — калейдаскоп гісторый, пачуцьцяў, думак, успамінаў і мрой, паэтычная містэрыя нязломнага чалавечага духу, што імкнецца напоўніцу спасьцігнуць сваё зямное прызначэньне. Адсюль гэтая мэта — галоўная кніга жыцьця.
Спакваля на зьмену тым ці іншым падзеям прыходзяць аўтаравы сэнтэнцыі. Цікавае назіраньне пра самое гэтае запавольваньне. Аказваецца, яно бароніць чалавека ад замбаваньня. Аўтар прызнаецца, што не падлягае такому ўзьдзеяньню. То бок працэс мысьленьня адбываецца ў тым самым тэмпе, што і само жыцьцё, а калі ты запавольваесься адносна іншых, ты пачынаеш бачыць усё па-іншаму, арыгінальна і як бы асобна ад усіх, незалежна. Кожны можа выпрабаваць гэты мэтад на сабе асабіста.
Просты прыклад — камунізм. Абсалютная маса савецкіх людзей, безумоўна, прымала гэтую догму, як рытм жыцьця, дзе трэба было вучыцца або працаваць і такім чынам рабіць кар’еру. Але, вядома ж, былі сярод іх тыя, самі сабе на ўме, хто кар’еру рабіць не хацеў, ня бачыў сэнсу. Такім, між іншым, і “не шанцавала”, бо яны не адпавядалі адзінай марцы — савецкага чалавека, будаўніка камунізму…
Гэтая праўда, між іншым, дагэтуль не дае чалавеку спакою. Аўтар піша:
“І яшчэ. На гэтую тэму я ня мог ні з кім паразмаўляць. Бо, пагадзіцеся, досыць далікатная тэма. І таму магу пісаць толькі тут”.
Трэба разумець, што з рознымі рэаліямі жыцьця адбываюцца розныя падыходы. Напрыклад, такая, скажу нават, абрыдлая рыса савецкіх часоў як “звычайнае жыцьцё”, якую Аркуш зьведаў напоўніцу. Нават магутны мангольскі сюжэт ня можа атрэсьціся ад гэтай звычайнасьці, каб стаць вызначальным. Гэтага не адбываецца.
***
— У гэта цяжка паверыць, — піша аўтар, — што некалькімі словамі можна папярэдзіць сур’ёзныя палітычныя наступствы, альбо іх выклікаць. Я тут кажу не пра палітыкаў ці нейкіх важных, мэдыйных асобаў. А вось проста звычайны чалавек. Прамаўляе некалькі словаў. Іх хтосьці пачуе. І пайшло-паехала! У выніку адбываецца (ці не адбываецца) штосьці сур’ёзнае, можна сказаць геапалітычнае.
Яшчэ цытата:
— Пра звычайных людзей ня ведаю. А вось згадай, як у мінулым пачыналіся войны, якія затым перакройвалі палітычную мапу цэлых кантынэнтаў. Часам яны пачыналіся якраз у выніку прамоўленых словаў.
І яшчэ:
— З гэтым мушу пагадзіцца. Слова сапраўды бывае або сьмертаносным, або жыцьцядайным.
“Але гісторыя пра мальцаў, якія паляталі на «кукурузьніку», хутка распаўсюдзілася па навакольлі“.
Тут мы маем справу зь істотным фэномэнам савецкага часу — пра “звычайнае жыцьцё”, калі каб распавесьці гісторыю, яе дастаткова назваць, бо яна па сутнасьці пустая, да відавочнасьці прадказальная і не патрабуе дадатковых дэталяў. Тут дастаткова сказаць: “як вядома” і проста назваць падзею. Алесь Аркуш досыць шырока карыстаецца гэтым прыёмам, і мы разумеем, што гэта адэкватны пераказ рэчаіснасьці, тут няма ні фальшу, ні містыфікацыі. Апроч таго, менавіта такая прыгадка цалкам адпавядае таму жыцьцю, пра якое нічога толкам і не раскажаш.
Альбо восьць такая канстатацыя:
“Я наведаў шмат музэяў і гістарычных мясьцінаў горада“, — піша Аркуш. Тут працягвае панавацца савецкая звычайнасьць, і гэта трэба ўлічваць у сьвеце, у Парыжы, дзе наведваньне музэя насамрэч — вялікая раскоша і савецкі турыст цалкам можа абысьціся сваім багатым уяўленьнем. Натуральна, што гэтае ўяўленьне не заменяць даведкі зь вікіпэдыі, бо з тых даведак выбіраеш менавіта мастацкую дэталь, а “працуе” толькі гісторыя, сюжэт. Скажам, з даведкі пра птушку коўру могуць запомніцца хіба што бакенбарды, астатняе — не.
Калі герой крычыць коням “Э-гэй!” — гэта ў тэксьце імітацыя дзейства, бо насамрэч дзейства няма. Але разьнесенае па палях “Э-гэй!” запаўняе ўсю навакольную прастору і твой крык становіцца самім паветрам, толькі з прысмакам вясны, і ўжо робіць усё вакол іншым і, самае галоўнае — натхняльным.
Аўтар, вядома ж, ня можа зьмірыцца з такой пустатою жыцьця і шукае ў сабе хоць нейкую эмоцыю, нават нейкую фобію. Напрыклад, дзесьці на мосьце праз раку ён спрабуе абудзіць у сабе перажываньні з таго дзіцячага мангольскага сюжэт, але нічога не адчувае.
“Ніякага захапленьня ад вучобы я ня меў. Было такое ўстойлівае разуменьне, што трэба адбыць і перайсьці ў нейкі новы этап жыцьця. Там, напэўна, будзе цікавей”.
Пры тым дзеля ўнутранае гармоніі абавязкова трэба сабе ўсьведамляць, што нічога незвычайнага ад жыцьця ты ніколі і не чакаеш.
***
А вось сярод таго звычайнага жыцьця спрабуе праклюнуцца цэлая рэальнасьць — паміж матчыных успамінаў. Напэўна, такія сюжэты дадумваюцца і дапісваюцца аўтарам. Але тут не. Хоць, здавалася б, гэта магло б стаць у кнізе яшчэ адным каштоўным эксклюзывам:
“Ужо значна пазьней, калі і Саюз разваліўся, мама мне неяк сказала: а мы ў Манголіі сябравалі з апазыцыянэрамі. «Што значыць з апазыцыянэрамі, няўжо ў Манголіі ў пачатку 60-х была нейкая апазыцыя?» — зьдзівіўся я. «Была. У нашым пасёлку жыла адна мангольская сям’я. Ён працаваў дырэктарам лясгасу. Раней быў нейкім міністрам. Ужо не згадаю, які міністар. Ну але дакладна быў ва ўрадзе. Там пачаліся чарговыя зьмены. Ён у маладосьці дзесяць гадоў вучыўся ў Маскве, працаваў пры пасольстве. І ягоная жонка, яна працавала доктаркай, добра размаўляла па-руску. Іх за нешта саслалі ў тую глуш. І мы зь імі сябравалі. Кожны дзень былому міністру манголы штосьці прыносілі: ці казулю, ці рыбу. Звычайна яны дзяліліся з намі. І гэтая жанчына мне выратавала жыцьцё і жыцьцё твайго брата. Я ніяк не магла нарадзіць. Яна ўзяла ручнік і пачала выціскаць, ня хутка ў яе гэта атрымалася, намучала мяне, але атрымалася. І так удалося мне нарадзіць. Пасьля гэтага і пасябравалі. Там была сапраўдная глуш. На транспарце ў той час можна было даехаць толькі летам праз цясьніну паміж гарамі. Зімой адзінае злучэньне са сьветам — толькі самалёт на Улан-Батар”.
“А пра нейкую палітыку зь імі размаўлялі?” — пытаюся ў мамы.
Так, між іншым, і адкрываецца фэномэн “звычайнага жыцьця”.
***
“Легенда мацнейшая за талент” — робіць сваю выснову аўтар.
Па напятасьці можна параўнаць эпізод шпацыру па вуліцах начнога Жодзіна зь перасьледнікам з “мангольскім сюжэтам”. Гэта, бадай, другая моцная інтрыга ў кнізе, прычым, калі параўноўваць з эпізодам падзеньня з моста, яшчэ і з усіх бакоў таямнічая.
Паездкі на рыбалку не выклікаюць зацікаўленьня, бо ня маюць адмысловых сюжэтных лініяў. Працэс падобны на засмоктваньне аўтара савецкай звычайнасьцю. Ёй, вядома, можна супраціўляцца, але тады можаш здрадзіць аўтэнтыцы. Нават распавядаючы пра сваю калекцыю марак, аўтар абыходзіцца агульнымі характарыстыкамі:
“Выбіраў розную экзотыку, пераважна афрыканскія, з жывёламі, і ўзяў адну прыгожую францускую марку са старажытным партрэтам нейкага графа”.
Гісторыі жыцьця, на першы погляд, розныя, але чытач спакваля прызвычайваецца лавіць савецкія флюіды звычайнасьці і не чакаць раптоўных паваротаў. Бо ўсякая раптоўнасьць у прынцыпе зьява несавецкая і чужая для той абыклай рэчаіснасьці. Варта зразумець гэта і пераключыцца на асэнсаваньне правілаў жыцьця Алеся Аркуша.
***
“Часам мне падаецца, што калі ты застаешся адзін, дык неяк незаўважна губляецца мэта. Мэта, па-мойму, можа існаваць толькі тады, калі ёсьць нехта побач. Так я разважаў у сваёй маладосьці. Калі ты робіш ня толькі для сябе, але і для яе, яго, іх. Які сэнс рабіць толькі для сябе? Паназірай за сабой, калі застаесься адзін — праз пару дзён перастаеш гатаваць ежу, задавальняючыся простымі лусьцікамі, робіцца лянота засьцілаць ложак, ўсё радзей голісься… Губляецца нейкая жыцьцёвая мэта. Прычым, патлумачыць сутнасьць гэтай мэты досыць складана”.
“Ня ведаю, як гэта патлумачыць, але Вільня насамрэч замінала — спыняла, трымала ў абдымках, захінала сваімі турыстычнымі краявідамі пэрспэктыву. Усё, што магло быць, тут ужо адбылося. На многіх камяніцах вісяць мэмарыяльныя шыльды. Як напамін, што ўсё што магло быць, тут адбылося”.
“Запомні, ніколі ня крыўдзі хваробу”.
“— Мне кажуць: «Чаго ты носісься зь мінулым, мінулае было і прайшло. Жыві сёньняшнім і думай пра будучыню!» — І цяпершчына, і будучыня абавязкова стануць мінулым. І тады навошта пра іх думаць, калі й яны неўзабаве стануць непатрэбныя, вартыя адно забыцьця?“
“Не давай мінуламу зьнікнуць”.






