“Камунікат” і дзясяткі культавых кніг унеслі ў “экстрэмісцкі” спіс

Міністэрства інфармацыі Беларусі пашырыла “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў” больш як на 30 старонак. Так, у гэты спіс быў унесены сайт і сацсеткі інтэрнэт-бібліятэкі “Камунікат”, дзве важныя кнігі Валянціна Акудовіча, дзве кнігі Сашы Філіпенкі, а таксама дзясяткі контркультурных твораў, якія сталі класікай сусветнай літаратуры.

У спісе апынуўся раман аднаго з цэнтральных аўтараў біт-пакалення Уільяма Бероўза “Голы сняданак”, твор заснавальніка гонза-журналістыкі Хантара С. Томпсана “Страх і агіда ў Лас-Вегасе” і амаль увесь творчы даробак сучаснага шатландскага пісьменніка і сцэнарыста Ірвіна Уэлша, які здабыў вядомасць, дзякуючы экранізацыі ягонага рамана “На іголцы”.

Спіс папоўніўся і беларускімі выданнямі, сярод якіх грунтоўная праца філосафа Валянціна Акудовіча “Код адсутнасці”, што разглядае пытанне беларускай ідэнтычнасці ў гістарычнай перспектыве. Таксама пад забарону да распаўсюду ў РБ трапіла кніга ўспамінаў Валянціна Акудовіча “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым” (2023), якая атрымала Прэмію Гедройца “за змястоўную і шырокую панараму беларускага інтэлектуальнага жыцця“.

Агулам у “экстрымісцкі” спіс дадалі больш за трыццаць кніг:

  • Валянцін Акудовіч “Код адсутнасці”;
  • Валянцін Акудовіч “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым”
  • Цімаці Снайдэр “Пра свабоду”;
  • “Дзень мёртвых. Кніга з займальнымі заданнямі”. Складальнік С. А. Станкевіч;
  • Саша Філіпенка “Слон”;
  • Саша Філіпенка “Чырвоны Крыж”;
  • Вольф Эрльбрух “Качка, смерць і цюльпан”;
  • Крысціна Белема “Салдацік”;
  • Вернер Хольцварт, Вольф Эрльбрух “Маленькі крот, які хацеў ведаць, хто нарабіў яму на галаву”;
  • Марыёна Талоза Сістэрэ “Таемнае жыццё пукаў і адрыжкі”;
  • Ірвін Уэлш “Кашмары Бусла Марабу”
  • Ірвін Уэлш “Сэксуальнае жыццё сіямскіх блізнят”
  • Ірвін Уэлш “На іголцы”;
  • Ірвін Уэлш “Клей”;
  • Ірвін Уэлш “Порна”;
  • Ірвін Уэлш “Тупая язда”;
  • Ірвін Уэлш “Разьба па жывому”;
  • Ірвін Уэлш “Джынсы мёртвых тарчкоў”;
  • Ірвін Уэлш “Эйсід-хаўс”;
  • Ірвін Уэлш “Тры гісторыі пра каханне і хімію”;
  • Наташа Гейдэн “18+. Частка першая”;
  • Бетан Робертс “Мой паліцэйскі”;
  • Наталля Ігнатава “Бастард фон Нарбэ”;
  • Эмілі М. Дэнфарт “Няправільнае выхаванне Кэмеран Пост”;
  • Дэвід Эберсхоф “Дзяўчына з Даніі”;
  • Ул. Як. Маршанюк “Неапраўданая жорсткасць. Уражлівым не чытаць”;
  • Леанід Сухарукаў “Белая дарожка, чорны лёс”;
  • Хантар С. Томпсан “Страх і агіда ў Лас-Вегасе”;
  • П’ёнтэк Томаш “Гераін”;
  • Валерый Шпякін “0,5”;
  • Уільям Бероўз “Голы сняданак”;
  • Роры Паўэр “Дзікія”;
  • Дэйдрэ Саліван “Зусім не абавязковыя смерці”;
  • Ру Муракамі “Усе адценні блакітнага”;
  • Ру Муракамі “Караоке”.

Быць падпісаным на “экстрымісцкія” рэсурсы і сацсеткі, распаўсюджваць вышэй названыя кнігі, калі вы знаходзіцеся ў Беларусі або ездзіце туды, можа быць небяспечна.