“Мяне Няма” анансавала выхад новай кнігі, якую самыя выдаўцы называюць псіхадэлічнай пародыяй на папулярны цяпер жанр аўтафікшн. “Колдун Тамат” Андрэя Дудко — гэта трынаццатая кніга выдавецтва.
Тут усё амаль як у жыцці: фэйкавы альтэр эга пісьменніка кідае сям’ю ды працу і едзе ў родны Слонім пісаць шэдэўр. Алкаголь, выпадковыя сувязі і невыпадковыя дзіцячыя ўспаміны не стымулююць крэатыў. Замест таго, каб пісаць кнігу, герой крок за крокам спускаецца ва ўласныя глыбіні, як у захламлены склеп, дзе пад дзіўнымі дзівоцтвамі хаваецца жывая крыніца літаратуры.
“Раман такім радыкальна мужыцкім выглядае, але гэта гульні з жанрам”, — кажа аўтар Андрэй Дудко, па сумяшчальніцтве заснавальнік выдавецтва “Лысы Чэрап”.
“Інтэлектуальная дэканструкцыя ўсяго, уключна з самім аўтарам. Экзістэнцыйны аўтапартрэт, заліты півасам”, — апісваюць анансаваны твору у выдавецтве.
Цяпер адкрытая магчымасць перадзамовіць кнігу праз сайт выдавецтва “Мяне Няма”. Менавіта колькасць перадзамоў вызначыць канчатковы наклад кнігі. Рассылка чакаецца на пачатку верасня.




