Па-беларуску выйдзе найлепшы нон-фікшн 2024 году пра Падляшша

Фонд “Камунікат” дамовіўся з Wydawnictwo Czarne аб праве на выданне па-беларуску кнігі Анэты Прымакі-Онішк “Камяні павінны былі паляцець. Сцёртае мінулае Падляшша” (Aneta Prymaka-Oniszk “Kamienie musiały polecieć. Wymazywana przeszłość Podlasia”).

Над перакладам працуе Наталля Русецкая, беларуская версія мае выйсці ў першай палове 2026 году.

Кніга ў 2024 годзе атрымала прэстыжную польскую прэмію Grand Press (выбар Чытачоў) як найлепшы літаратурны рэпартаж году. “Камяні павінны былі паляцець” у вялікай ступені, як і першая кніга Анэты Прымака-Онішк пра бежанства, уяўляе сабой сямейную гісторыю — дзед аўтаркі ў траўні 1945 года быў забіты аддзелам польскага ўзброенага падполля ў сваёй вёсцы на Сакольшчыне. Разам з тым гэта спроба вяртання сцёртай, забытай і замоўчанай гісторыі Беласточчыны. 

Памяць пра гэтыя трагічныя падзеі амаль што не захавалася. Калі пра гэтую старонку гісторыі і пісалі ці гаварылі, то звычайна былі гэта хіба спецыялісты, журналісты ці публіцысты беларускай меншасці і ў медыях для гэтай жа меншасці. Гучна ў польскую грамадскую прастору тэма пачала вяртацца толькі некалькі гадоў таму, калі польскія нацыяналістычныя суполкі ў Гайнаўцы пачалі праводзіць маршы “Жолнежы выклентых” узвялічваючы капітана Рамуальда Райса “Бурага”, які адказвае за смерць больш чым 80-ці беларусаў — мірных жыхараў Беласточчыны, у тым ліку жанчын і дзяцей. Адказам беларускай меншасці была грамадская ініцыятыва “Наша Памяць”, якая на праваслаўных могілках у Малешах паставіла помнік на магіле святой Марыі Петручук — аднае з ахвяраў “Бурага”. Але выявілася, што падобныя трагічныя падзеі ў пасляваенны час адбываліся па ўсёй Беласточчыне, пра што і піша Анэта Прымака-Онішк.

фота facebook.com

Яе кніга засяроджваецца на забытым мінулым Беласточчыны — тэрыторыі, на якой на працягу стагоддзяў разам жылі розныя народы: палякі, беларусы, украінцы, яўрэі і іншыя этнічныя і нацыянальныя супольнасці. Аўтарка апісвае складаны працэс знікнення памяці пра лёс гэтых супольнасцяў, паказваючы драматычны досвед дэпартацый, перасяленняў і грамадскіх зменаў, што адбываліся ў XX стагоддзі — асабліва падчас Другой сусветнай вайны і ў пасляваенны перыяд.

Гэта вельмі важная кніга для нас як беларусаў Беласточчыны і хочам, каб яе выданне на беларускай мове наблізіла ўсіх беларускамоўных чытачоў да важнага, але дагэтуль мала вядомага фрагмента гісторыі польска-беларускага памежжа — гаворыць кіраўнік фонду “Камунікат” Яраслаў Іванюк. — Нашыя трагічныя лёсы павінны быць таксама вядомымі тым беларусам, якія пасля 2020 з’ехалі з Беларусі і пасяліліся ў Польшчы, у тым ліку на Беласточчыне“. 

Гэтая кніга ў беларускім перакладзе можа таксама стаць пунктам адліку для дыялогу пра мінулае, агульную памяць і сучасныя выклікі. Асэнсаванне выцертых падзеяў і лёсаў людзей, што жылі на памежжы, можа паспрыяць будаванню мастоў паміж польскімі, беларускімі і іншымі этнічнымі супольнасцямі, лёсы якіх звязаныя з гісторыяй гэтага рэгіёну. Кніга таксама мае патэнцыял, каб падтрымліваць працэс адраджэння беларускай культурнай ідэнтычнасці, гадамі выцесненай з публічнай прасторы і афіцыйнай гістарыяграфіі.

Камяні павінны былі паляцець. Сцёртае мінулае Падляшша” цёпла прынялі ў Польшчы як чытачы, так і літаратурная, гістарычная і журналісцкая супольнасць. Кніга таксама атрымала Гістарычную прэмію “Polityki” імя Марыяна Турскага ў катэгорыі найлепшая навукова-папулярная праца. Падляская рэпартажыстка намінаваная таксама на Літаратурную прэмію Цэнтральнай Еўропы “Angelus”, а таксама кніга трапіла і ў спіс намінантаў на Літаратурную прэмію “Nike” 2024 году.

Загалоўнае фота Akadera.bialystok.pl