Ініцыятыва “Непаслухмяныя дзеці кастрычніка”, якая агучвае творы пісьменнікаў 20—30-х гадоў, у тым ліку рэпрэсаваных, распачала другі сезон праекту менавіта 29 кастрычніка. На YouTube-канале ініцыятывы з’явілася аўдыяверсія паэмы “Кармэнсіта” Пятра Глебкі.
“Пятра Глебку рэпрэсіі — у нашым разуменні — абышлі. Яго не высылалі ў лагер, не расстрэльвалі, як ягоных калег. Аднак лёс аўтара — прыклад перамогі аўтарытэта над вялікай рызыкай трапіць пад сталінскі каток. Гэта прыклад такога, а не іншага выбару — за жыццё аддаць творчасць, памкненні. Пагадзіцца на расстрэл сваёй творчасці і пражыць надламаным, не мець магчымасці пісаць тое, што хочацца”, — пішуць пра выбар твору для агучкі ў сацсетках ініцыятывы.
Паэма “Кармэнсіта” ўпершыню прагучала са сцэны опернага тэатра ў Менску. Пасля гэтага яе забаранілі, пад няміласць трапіў сам Пятро Глебка. У творы — пошук выйсця са становішча, дзе вельмі мала прасторы для выбару. Гэта — тыя самыя душэўныя пакуты аўтара.


 
                     
                     
                    



