15—19 кастрычніка ў Франкфурце адбыўся міжнародны кніжны кірмаш. Беларусь і незалежнае беларускае кнігавыданне на значнай міжнароднай падзеі прадстаўляў стэнд Інстытута беларускай кнігі.
На стэндзе прэзентаваліся новыя выданні незалежных беларускіх выдавецтваў, у тым ліку — каталог выдавецкіх навінак з творамі вядучых беларускіх аўтараў. Непасрэдны ўдзел у кірмашы ўзялі прадстаўнікі беларускіх выдавецтваў у эміграцыі Gutenberg Publisher, “Мяне няма”, Skaryna Press, Czabor.


У рамках агульнай праграмы кірмашу адбылася арганізаваная Інстытутам Беларускай кнігі панэльная дыскусія “Беларусь: Свабода выражэння ва ўмовах рэпрэсій” (“Belarus: Free Expression in the Face of Repression”) з удзелам аўтара Альгерда Бахарэвіча і перакладчыцы, ініцыятаркі акцыі “33 кнігі для іншай Беларусі” Ірыны Герасімовіч, мадэратаркай выступіла сябра Інстытута Беларускай кнігі Ала Пігальская.
Падчас дыскусіі абмеркавалі пераклад як практыку дэмакратыі, яго палітычную функцыю, закранулі праблему асэнсавання падзей 2020-га году. Шмат увагі надалі і ўразліваму становішчу беларускай мовы.



“Такія размовы карысныя, бо ўлічваюць іншую перспектыву. Мы можам паміж сабой абмяркоўваць важнасць падтрымкі белаускай мовы праз яе ўразлівае становішча ў Беларусі. Дыскрымінацыя адбываецца ў варунках, калі беларуская мова — адна з дзяржаўных, але карыстацца ёй на штодзень — небяспечна. Але звонку не заўсёды зразумелы гэты клопат. Як быццам мы жадаем шматмоўе замяніць на адну мову, — каментуе пэўныя моманты дыскусіі Ала Пігальская. — Таму мне было цікава закрануць праблему шматмоўя ў рамане Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Еўропы”, калі побач з сямю існуючымі мовамі з’яўляецца выдуманая, бальбута. Цікавым быў адказ Альгерада пра ўяўную Беларусь, якая цяпер нас яднае ў варунках расцярушанасці беларусаў сярод розных краін і моваў”.
Агулам, каментуючы удзел беларускага стэнда ў Франкфуртскім кірмашы, Ала Пігальская адзначае, што кніга карысная не толькі таму, што дае сэнсы, які ўтрымліваюць супольнасць, але і працоўныя месцы для аўтараў, перакладчыкаў, ілюстратараў, дызайнераў, мэнэджараў, выдаўцоў і друкароў, а таксама інфраструктуры распаўсюду. Таму беларуская прысутнасць на кірмашы важная для азнаямлення з мачымасцямі, і разумення, як імі скарыстацца для выклікаў беларускай незалежнай супольнасці. Таксама кірмаш становіцца пляцоўкай, дзе сустракаюцца людзі, якія не маюць такой магчымасці не толькі праз знаходжанне ў розных краінах, але і як следства жыцця і працы ў таталітарнай краіне, дзе найбольш бяспечны і прадуктыўны спосаб — быць у коле, каму давяраеш, гэтыя колы звычайна даволі малыя, і яны захоўваюцца і ў эміграцыі.



Пра важнасць стэнда як пляцоўкі для сустрэчы беларускіх выдаўцоў, дзеячоў кніжнай справы, кажа і Ігар Іваноў, прадстаўнік выдавецтва Skaryna Press. Таксама выдавец адзначае, што Франкфуртскі кірмаш натхняе і агаломшвае сваімі памерамі, масштабнай актыўнасцю бізнэсаў, колькасцю імпрэзаў, удзелу зорных аўтараў, вялікай цікавасцю публікі да кніжнай справы.
“Калі б нас там не было, то беларускай прысутнасці на кірмашы б не было, — адзначае Ігар Іваноў. — Фактычна, мы гаварылі за ўсе 20 плюс выдавецтваў, якія сёння існуюць у беларускай эміграцыі. І, наколькі маглі — за ўсю беларускую літаратуру, беларускае чытацтва, беларускае грамадства, за нашых калегаў выдаўцаў у Беларусі. Для Інстытута, безумоўна, гэта важная праца, каб пра Беларусь не забываліся, каб Беларусь памяталі. Увогуле, кірмаш вельмі актывісткі. Безумоўна, гэта вялікі бізнес, і пад час яго робіцца шмат грошай, але тут прадстаўлена і шмат няўрадавых ініцыятываў, выдавецтваў, якія, як і мы, не могуць працаваць у сваіх краінах, і якія таксама гаварылі за свае дыяспары.”.
Выдавец расказаў, што на беларускі стэнд прыходзілі беларускія чытачы, былі і тыя, хто адмыслова прыехаў на кірмаш з Беларусі. Вынікі, якія вызначае для сябе выдавец — магчымасці паразмаўляць з літагентамі і дыстрыб’ютарамі з розных краін, з прадстаўнікамі замежных выдавецтваў, паглядзець, як працуюць іншыя выдавецтвы, набрацца ідэяў, датычных новых тэмаў і фарматаў кніг. І, таксама, магчымасць зразумець свае патрэбы, слабыя месцы і кропкі росту. Агулам — натхніцца і пачаць працаваць на іншым, больш высокім, узроўні.
Падчас кірмашу адбывался вялікая колькасць падзеяў з удзелам аўтараў з самых розных краін, якія ладзілі непасрэдна выдавецтвы. Сярод аўтараў была і беларуская паэтка Юля Цімафеева. Нямецкае выдавецтва Edition Frölich зладзіла прэзентацыю новай кнігі аўтаркі “Ich zerschneide die Geschichte. Lyrik und Collagen/ Рэжу гісторыю сабой. Вершы і калажы” з удзелам перакладчыцы твораў на нямецкую мову Ціны Вюншман.


Юля Цімафева таксама з’яўляецца аўтаркай выдавецтва Skaryna Press, таму, вядома, беларускае выдавецтва заўзела за паэтку падчас прэзентацыі і радавалася вялікай чарзе па аўтограф аўтаркі.
Таксама па-за кірмашом беларускім выдаўцам удалося зладзіць сустрэчу з беларускай супольнасцю ў Вісбадэне, які знаходзіцца адносна недалёка ад Франкфурта.
Гэта ўжо трэці год запар, калі Інстытут беларускай кнігі арганізоўвае прэзентацыю беларускай незалежнай кнігі ў Франкфурце. Арганізатары стэнда лічаць важным працягваць удзел у адной з самых галоўных сусветных кніжных падзей, каб беларуская кніга, беларускія аўтары і выдаўцы працягвалі заставацца бачнымі для міжнароднай кніжнай супольнасці, заставаліся ўключанымі ў прафесійнае кніжнае жыццё і прафесійную кніжную сферу, каб з’яўляліся новыя кантакты, якія ў будучыні могуць стаць паўнавартаснымі супольнымі праектамі.
Беларускі стэнд і праграмны ўдзел арганізаваны пры падтрымцы дырэкцыі Франкфурцкага кірмашу і праграмы EU4Belarus MOST IV Mobility Scheme, якая падтрымліваецца Еўразвязам і імплементуецца Гётэ-Інстытутам. Арганізацыя беларускай панэлі стала магчымай дзякуючы падтрымцы S. Fischer Stiftung.
Аляксандра Дварэцкая для bellit.info
Фотаздымкі прадаставіў Інстытут Беларускай кнігі і выдавецтва Skaryna Press


 
                     
                     
                    



