Дар’я Трайдэн напісала раман пра адбудову дома — перадзаказ

Выдавецтва “Мяне Няма” анансавала выхад новай, адзінаццатай па ліку, кнігі — “Грибные места” Дар’і Трайдэн, якая расказвае пра тое, як гэта заставацца, калі ўсе з’язджаюць. Раман можна замовіць праз сайт выдавецтва, менавіта папярэднія заказы вызначаюць будучы поўны наклад кнігі, які мае з’явіцца ў канцы чэрвеня.

“Гэты тэкст вырас з дзённікавых запісаў пра пачуцці і іх неўзаемнасць. І стаўся раманам, калі на даляглядзе з’явіўся …дом. Дакладней, былая вясковая пошта, якую купляе аўтагераіня, каб пачаць там рамонт, разбіць сад і вынайсці наноў на сваёй зямлі сябе і свае карані”,расказваюць выдаўцы пра кнігу.

“Гэта кніга пра сталенне, спасціжэнне спакою і наладжванне сувязяў, — кажа пра свой дэбютны раман Дар’я Трайдэн. — Пісьмо пра дом сталася пісьмом пра ўсё”. Пра цела і ідэнтычнасць, пра адзіноту і страты, пра гвалт і галечу, пра сям’ю, каханне і любоў.