Выйшлі першыя 3 кнігі незвычайнай дзіцячай серыі

У выдавецтве Gutenberg Publisher выйшлі першыя тры кнігі амбіцыйнай дзіцячай серыі “Чытаю сабе сам”, на якую збіралі сродкі гуртам праз краўдфандынгавую кампанію.

“Кожны выпуск серыі складаецца з трох кніг розных узроўняў складанасці: чытаем па словах, па сказах, па абзацах. Аднак ад звыклых чытанак пасля буквара яны розняцца самастойнасцю твораў: гэта не прымітыўныя гісторыі пра тое, як мама мыла раму, а сапраўдныя сюжэты з завязкай, кульмінацыяй і развязкай”, — тлумачаць у выдавецтве.

Кнігі маюць адмыловыя матыватары для маленькіх чытачоў, таксама ў выданнях улічаны той факт, што дзецям эмігрантаў няпроста пачаць чытаць кірыліцай. У першых кніжках расстаўленыя націскі і расфарбаваныя склады.

На адваротным баку вокладкі бацькі знойдуць методыку, як зрабіць так, каб дзіця “расчыталася”, а таксама табліцу, якая з гэтым дапаможа. Такую табліцу можна таксама спампаваць на qr-кодзе і надрукаваць, каб павесіць на лядоўню.

“Сябры ў двары”. Алена Зарніцкая. Малюнкі Дарыны Харытончык.

Двор жыў дружна, пакуль аднойчы пацук не надумаў скрасці малое мышаня. Разам сябры адбіліся ад нахабы, а ўрэшце і перавыхавалі пацука.

На гэтым этапе патрэбныя простыя сказы (1-2 на старонку) і займальныя сюжэты.

“Заяц і Мядзведзь едуць да бабулі”. Андрэй Скурко. Малюнкі Марыі Платонавай.

Сябры Заяц і Мядзведзь віншуюць бабулю з Днём нараджэння, а таксама выбіраюць новы аўтамабіль.

Толькі самыя даўгія і складаныя словы падзелены колерам на склады. Некалькі сказаў на старонцы.

“Казкі гарадскога парку”. Аляксандр Ждановіч (Маляваныч). Малюнкі Марыі Платонавай.

У кнізе дзве гарадскія гісторыі. Першая пра прывіда, што жыве ў гарадскім люку і палохае мінакоў. Дзяўчынка разгадвае яго таямніцу. Другая пра насельнікаў парку, якія аднойчы губляюць добрага сябра і трапляюць у кепскую кампанію. Урэшце ўсё стае на свае месцы.

На трэцім кроку дзіця можа самастойна прачытаць цэлую старонку тэксту. Казкі гэтай кніжкі можна таксама паслухаць на Кніжным возе!

У чым нахабства? У тым, што мы такі перакананыя, што даволі шмат людзей хоча навучыць сваіх дзяцей чытаць па-беларуску — і ў гэтага праекта хутка будзе працяг.

Кніжкі можна замовіць і ў Беларусь: дастаўка камплекта каштуе 28 злотых.