Дзве лекцыі Ганны Севярынец пра Купалу і братоў Луцкевічаў

Інтэрнэт-часопіс TAŬBIN працягвае выкладаць на сваім YouTube-канале цыкл кароткіх лекцый Ганны Севярынец пад назвай: “Беларусь як тэкст. Хто і як стварае беларускі сусвет такім, якім ён ёсць”. Тэмы двух апошніх выпускаў — “Браты Луцкевічы і Беларусь у базыльянскіх мурах” і “Купала без палітыкі. Якім быў бы беларускі нацыянальны прарок у ідэйным вакууме”.

Тэкст — гэта не толькі тое, што напісана або надрукавана. Напрыклад, архітэктурныя формы таксама могуць быць тэкстам, наборам кодаў той ці іншай нацыі, эпохі, напрамку. І ў Беларусі шмат такіх тэкстаў. Адзін з іх — знакамітыя Базыльянскія муры. “Што такое Базыльянскія муры, мусім ведаць мы ўсе. Базыльянскія муры — гэта Беларусь у Вільні”, — упэўненая Ганна Севярынец. Пра гэта, а таксама пра тое, хто такія браты Луцкевічы і чаму яны важныя для беларусаў, і ідзе гаворка ў новай лекцыі.

“Фігура Купалы, гісторыя Купалы і ягоны лёс — гэта найвялікшая беларуская драма”, — упэўненая Ганна Севярынец. Чаму? Пра тое, хто такі Янка Купала, кім ён быў для Беларусі, а таксама пра стратэгіі выжывання, стратэгіі захавання сябе і сваёй будучай творчасці, якія давялося вынаходзіць паэту, і гаворыцца ў гэтай лекцыі.