1 снежня ў Познані падчас Фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA прайшла заключная частка ўзнагароджання прэміяй імя Алеся Адамовіча за найлепшы публіцыстычны твор, апублікаваны ў 2023 годзе.
Лаўрэаткай стала Ганна Янкута за кнігу “Час пустазелля” (выдавецтва “Янушкевіч”, 2023).
“За эмацыйнае і інтэлектуальнае пражыванне вопыту міграцыі, у якое ўплеценыя салідарнасць з Украінай і рэфлексія беларускай культуры ды ідэнтычнасці”, – такой фармулёўкай журы абгрунтавала сваё рашэнне.
Першая частка цырымоніі прайшла ў Берліне 20 кастрычніка – там было названа імя першай пераможцы: “За перапрацоўку асабістых і сацыяльна-палітычных траўм, за шматлікасць досведу і змяшчэнне Беларусі ў розныя кантэксты” прэміяй імя Алеся Адамовіча была ўзнагароджана аўтарка кнігі “Я танцую” Віка Біран.