Праект “Літрадыё” нядаўна папоўніўся некалькі выпускамі сваіх падкастаў. У межах серыі “Супердудко” выйшлі размовы з пісьменніцай Юляй Арцёмавай і перакладчыцай Верай Бакстэр. А ў серыі падкастаў “Адкуль бяруцца кнігі” госцяй стала Зараслава Камінская.
Юля Арцёмава выдала дэбютную кніжку “Я и есть революция” ў выдавецтве “Пфляўмбаўм”, а цяпер піша аўтафікшн-кнігу, урывак з якой публікаваўся ўласна на “Літрадыё”. У падкасце яна расказвае, чаму не хоча выдаваць зборнік апавяданняў, пра ўласцівасці жанру аўтафікшн і што з ім не так. А таксама — ці панкавала, ці маюць цяпер жанчыны патрэбу чытаць мужчынскую літаратуру і, вядома ж, пра тое, што такое дзесяць Алегаў з дзесяці.
Слухаць падкаст на розных платформах: Spotify, Apple Podcasts, Castbox, TuneIn.
Зараслава Камінская — аўтарка трох кніг, у якіх захапляльна і вострасюжэтна, у форме дэтэктыва або містычнага трылера, апавядае пра невідавочныя скарбы беларускай культуры. Дэбютная аповесць “Русалкі клічуць” прысвечана загадкавай наіўнай мастачцы Алене Кіш, у зборніку “Калядны стол” успаміны дзяцінства пераплятаюцца з традыцыйнымі стравамі. А ў новым рамане “Па той бок” аўтарка ў рэаліях кампутарнай гульні паказвае пантэон беларускіх народных лялек, пра якія ўвогуле мала хто чуў.
У новым выданні падкасту “Адкуль бяруцца кнігі” пісьменніца расказвае, як з маленькай дачкой на руках умудрылася напісаць тоўсты раман. Пра Школу маладога пісьменніка, што дапамагла ёй паверыць у сябе. Пра рытуал пісання а 5-й раніцы, ратаванне літаратурай у цёмныя часы і любоў да хэпі-эндаў.
Слухаць падкаст на розных платформах: Spotify, Apple Podcasts, Castbox, TuneIn.
15 кастрычніка споўнілася сто гадоў першаму маніфесту сюррэалізму. З гэтай нагоды да “Супердудко” завітала таямнічая Вера Бакстэр — галоўная рэдактарка выдавецкай ініцыятывы Nadja. Праект паўстаў у Мінску гэтым летам. Nadja збіраецца быць архівам сюррэалісцкага пісьма. Вера Бакстэр пераклала зборнік вершаў Поля Элюара “Каханне паэзія”, перакладае “Цыцкі Тэрэзія” Гіёма Апалінэра. Пагутарылі пра тое, чаму Далі не сапраўдны сюррэаліст і што такое ўвогуле сапраўдны сюррэалізм.
Слухаць падкаст на іншых платформах: Spotify, Apple Podcasts, Castbox, TuneIn.