“Казкі жыцця” Коласа выйшлі ў перакладзе на кітайскую

Вынікам супрацы Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Універсітэта замежных моў горада Цяньцзінь сталася выданне апавяданняў Якуба Коласа з цыклу “Казкі жыцця” ў перакладзе на кітайскую мову.

Як паведамляе Ont.by, пілотны наклад кнігі, у якую ўвайшло 7 твораў з цыклу “Казкі жыцця” беларускага класіка, — 100 асобнікаў. Над перакладамі працавалі студэнты Цяньдзіньскага ўніверсітэта замежных моў, дзе нядаўна была адкрытая кафедра беларускай мовы.

Гісторыя перакладаў Якуба Коласа на кітайскую мову пачалася ў 1950 годзе, калі быў надрукаваны пераклад верша “Абаронцам роднай зямлі”, а ў 1958 годзе была надрукавана аповесць “Дрыгва”.