Прэзентацыя кнігі Алега Груздзіловіча ў Вільні

27 верасня ў 19:00 у Вільні пройдзе прэзентацыя кнігі “Прыгоды Дзядзі Віці на Валадарцы” журналіста Алега Груздзіловіча, былога палітвязня, які быў асуджаны на 1,5 года зняволення.

Аўтар “Прыгодаў” Алег Груздзіловіч і аўтарка прадмовы Вольга Вялічка з радасцю адкажуць на ўсе пытанні. А ў продажы будзе шмат кніг беларускіх выдавецтваў.

Як раней расказваў Bellit.info, Алег Груздзіловіч адбываў пакаранне ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага і ў калоніі пад Магілёвам. Вершы і малюнкі пра арыштанта “дзядзю Віцю”, што ўвайшлі ў гэтую кнігу, журналіст напісаў і намаляваў на Валадарцы для ўнукаў Евы, Сафіі, Кастуся, Аляўціны ды Анатоля, але адтуль частка лістоў не дайшла на волю праз цэнзуру. Пашанцавала з аказіяй перадаць “Прыгоды дзядзі Віці” з магілёўскага СІЗА. Пазней у калоніі ўсе лісты і рукапісы аўтара былі зьнішчаныя. Кнігу выдаў фонд “Камунікат”.

27 верасня
19:00
Вільня, Гасцёўня Беларускай Рады культуры (šv. Ignoto 5-104)