Журы назвала кароткі спіс намінантаў на Прэмію Арсенневай

Журы прэміі імя Наталлі Арсенневай, якой узнагародзяць найлепшую паэтычную кнігу 2025 году, назвала кароткі спіс намінантаў. З поўнага спісу намінатаў, у якім сёлета было 19 кніг, журы адабрала тройку найцікавейшых.

Ігар Кулікоў “Нетутэйшая далечыня” (Янушкевіч, 2025)

Сёмы паэтычны зборнік Ігара Кулікова, у якім сабраныя вершы, напісаныя ў 2021–2023 гадах, а таксама пераклады з ангельскай і санскрыту. Лірычны позірк аўтара спалучае асабістае і філасофскае, робячы зборнік яркім узорам сучаснай беларускай паэзіі.

Ілля Кульбіцкі “Хроніка адмаўлення пустаты” (Skaryna Press, 2025)

У дэбютную кнігу Іллі Кульбіцкага ўвайшлі вершы і паэмы, напісаныя ў 2017–2024 гадах. Тэксты рознага кшталту — ад хронікі грамадскіх падзей і замалёвак з натуры да сатыры, міфатворчасці і гарадскога фэнтэзі — аб’яднаныя адной мэтай: знайсці шлях скрозь навакольную і ўнутраную пустэчу да праўдзівага свету. Гэта шлях мовы, веры, спробаў пабачыць і здзейсніць небывалае і пільнага слухання галасоў іншых падарожных на гэтым шляху.

Макс Шчур “Чайны збор. Выбраная постпаэзія 2007–2025” (SayBeat, 2025)

У новую, “постпаэтычную” кнігу ляўрэата прэміі Гедройця Макса Шчура ўвайшлі найлепшыя тэксты, напісаныя за амаль два дзесяцігодзьдзі (2007—2025). Сярод тэмаў новай кнігі — каханьне, бацькоўства, выгнаньне, тоеснасьць, будызм, экалёгія ды іншыя.

Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Наталлі Арсенневай адбудзецца 27 траўня ў 19:00 у Новым Тэатры (Nowy Teatr, Варшава).

Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Партнёры: Новы Тэатр (Nowy Teatr, Варшава), Estate of Vitaut Kipel, Belarusian Charitable Trust і Fundacja Trzy Trąby.

Праект суфінансаваны Цэнтрам Мерашэўскага ў межах IV Адкрытага конкурсу.