Неўзабаве пабачыць свет зборнік апавяданняў выпускніцы Школы маладога пісьменніка Марыі Гулінай з назвай “Ляцела белая птушка” (Летела белая птица). Кніга выйдзе ў красавіку ў выдавецтве Skarynapress, папяровы асобнік ці электронную версію ўжо можна замаўляць на сайце выдавецтва.
“Ад Венецыі да Сан-Францыска, ад Капенгагена да Новага Арлеана – далікатныя і лёгкія апавяданні пра важнасць асэнсаваных стасункаў з тым месцам, дзе ты знаходзішся, – год ці дзень”, – гаворыць анатацыя да кнігі. Пазнаёміцца з урыўкамі можна на сайце аўтаркі.
“Усе гісторыі напісаныя да 2020 года. Я працавала над імі ў пісьменніцкай школе разам з рэдактаркай, і кніга мусіла быць апублікаваная ў 2020 годзе. Але гэта стала немагчымым. І ўсё-ткі мне хочацца даць гэтым гісторыям жыццё. У іх няма востраактуальнага і злога, таго, што б я пісала цяпер. Гэта апавяданні пра тое, што важна здзяйсняць ўласныя мары і заўважаць цудоўнасць свету. Пра сяброўства і любоў, пра бескарыслівасць і прыгоды, пра тое, як усё звязана”, – расказала Марыя Гуліна пра кнігу ў сацсетках.
Марыя Гуліна – журналістка і пісьменніца, пяць гадоў працавала рэдактаркай анлайн-часопіса пра вандроўкі 34travel, а акрамя гэтага год валанцёрыла ў экалагічнай арганізацыі ў Чэхіі, будавала экасцежкі на Байкале, спрабавала сябе ў якасці матроса паруснага карабля каля ўзбярэжжа Партугаліі і шукала сляды сямейнай гісторыі на Камчатцы. У кнізе сабраныя гісторыі з гэтых і іншых вандровак.