Лявон Юрэвіч і Наталля Гардзіенка ўклалі том “Выбранае”, у які ўвайшлі ўспаміны, працы аб рэлігійнай гісторыі Беларусі ды рэфлексіі пра беларускую эміграцыю айца Льва Гарошкі, а таксама тэксты пра аўтара.
Кніга выходзіць у межах серыі «Спадчына: агледзіны», заснаванай Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Беларускім Інстытутам Навукі й Мастацтва пры спрыянні інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.
Грэка-каталіцкі святар Леў Гарошка (1911—1977) многа займаўся вывучэннем гісторыі хрысціянства ў Беларусі і асабліва мінулага ды сучаснага яму стану ўніяцкай царквы, аналізаваў падзеі ў асяроддзі беларускай эміграцыі пасля Другой сусветнай вайны. Сёння, калі аднавіліся ганенні на каталіцкую і ўніяцкую цэрквы ў Беларусі (зрэшты і на ўсіх праўдзівых хрысціянаў), а значная частка беларусаў ізноў вымушаная жыць у замежжы, напісанае айцом Львом у 1940-х — 1950-х гадах набывае асаблівую актуальнасць.