Выдавецтва Gutenberg Publisher анансавала выхад дзіцячай кнігі ірландскай аўтаркі Эрыкі Макган “Табіта Плімтак жыве на самым краі свету”. Фантастычную гісторыю пераклаў Андрэй Скурко.
Кніга апавядае пра тое, як капрызлівыя сваякі выпраўляюць дзяўчынку Табіта штодзень уніз па скале па ежу і іншыя патрэбныя рэчы. Але тая гэтым не пераймаецца: у пячорах-кішэньках уніз па схіле жывуць сімпатычныя людзі. А наймілейшы з іх — спадар Дрыготка, што пасяліўся ніжэй за лінію ценю. Калі ў ваколіцах пачынаюць шырыцца чуткі пра пачвар, што ўспінаюцца на сцяну з глыбіні, менавіта пра спадара Дрыготку Табіта турбуецца наймацней. Бо там, унізе, хаваецца нешта па-сапраўднаму галоднае…
Кніга мае арыгінальныя ілюстрацыі Філіпа Калэна.
“Табіта Плімтак жыве на самым краі свету” Эрыкі Макган можна ўжо цяпер замовіць праз сайт выдавецтва са зніжкай 20%.
Gutenberg Publisher дзякуе за кантракт і супрацувыдавецтву O’Brien Press, за падтрымку Амбасадзе Ірландыі ў Вільні і за каардынацыю праекта Інстытуту беларускай кнігі.






