Выйшаў том з трыма зборнікамі паэта Дзмітрыева

Выдавецтва “Лысы чэрап” у межах ініцыятывы “33 кнігі для іншай Беларусі” выпусціла трайны зборнік паэта Дзмітрыя Дзмітрыева “Codex. Imago. Index”. Гэта дыхтоўнае выданне ў цвёрдай вокладцы з ілюстрацыямі Андрэя Фядорчанкі.

“Адзінаццаць гадоў таму, у гэты дзень — 6 верасня 2014 году — пасля сямейнага вечара ў коле нашых сяброў Мадлен і Андрэя мяне наведала ідэя, якая тады агаломшыла настолькі, што нават праз дзесяць гадоў, у момант стомленасці і творчай абыякавасці, здолела абудзіць ува мне ўнутраныя сілы, каб завяршыць гэтую кнігу. І я рады гэтаму, — дзеліцца навіной у сацсетках аўтар. — Кніга выйшла менавіта такой, якой я спрабаваў уявіць яе яшчэ раней — у верасні ўжо 2012 году, калі напісаў першыя тэксты да яе. Яна часткова публікавалася раней, потым пераасэнсоўвалася і перапісвалася“.

Кніга паэзіі “Codex. Imago. Index” аб’ядноўвае тры часткі: “Эфект назіральніка”, “Каспар Хаўзэр і заседжаныя мухамі партрэты”, “Дэкалькаманія”.

Вершы ствараліся цягам дзесяці гадоў у трох краінах — Швейцарыі, Беларусі і Польшчы — і складаюцца ў адзіны твор.

Першая частка — пра пабочны эфекце прысутнасці аўтара як назіральніка. Кінетычныя фігуры нідэрландскага скульптара Тэа Янсэна, механічныя лялькі XVIII стагоддзя майстра П’ера Жаке-Дро і “Карнавальны фантан” Жана Тэнглі ў Базэлі пераплятаюцца з алюзіямі на музычныя творы, мысленчымі эксперыментамі і асабістымі перажываннямі. Назіранне мяняе назіранае.

Другая частка — гісторыя Каспара Хаўзэра, загадкавага юнака, знойдзенага ў 1828 годзе ў Нюрнбергу, з таямнічым паходжаннем і трагічным лёсам. Рамантычны сюжэт разгортваецца як серыя інсектных партрэтаў меркаваных удзельнікаў падзей. У цэнтры — сам Хаўзэр, які перажыў метамарфозу: ад немаўляці-спадкаемца трону, праз стадыю ўвязнення ў замку, да знайдыша з трагічна-чароўным лёсам. Лічынка, кукалка, імага… і кропка ад шпількі на старонцы энтамалагічнага альбому.

Трэцяя частка, “Дэкалькаманія”, названы ў гонар тэхнікі пераносу выявы. Лічбавыя копіі сусветных шэдэўраў выяўленчага мастацтва выпадковым чынам пераносяцца ў плоскасць тэксту. Розыгрыш латарэі ператвараецца ў жанр своеасаблівай “распакоўкі”, дзе ні аўтар, ні чытач да канца не ведаюць, што менавіта будзе “вынята” з квадратнай скрынкі латарэйнага білета.

Кнігу “Codex. Imago. Index” Дзмітрыя Дзмітрыева можна замовіць праз старонку выдавецтва “Лысы чэрап” на пляцоўцы Ko-fi.com , а таксама купіць у кнігарні Bukinistka ў Варшаве (Wieniawskiego, 5J)