Вячаслаў Швед напісаў энцыклапедыю па гісторыі Горадні

Гродзенскі гісторык і прафесар Вячаслаў Швед напісаў кнігу “Гісторыя Гродна. Энцыклапедыя”, прысвечаную гісторыі горада над Нёманам. Энцыклапедыя будзе даступная чытачам у электроннай версіі на сайце выдавецтва Варшаўскага ўніверсітэта, паведамляе Hrodna.life.

Вячаслаў Швед, як пазначана на сайце ўніверсітэта, працуе на факультэце прыкладной лінгвістыкі і ў Інстытуце міжкультурных даследаванняў Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

У анатацыі да выдання адзначаецца, што Гродна — горад з больш чым тысячагадовай гісторыяй, які перажыў войны і перыяды росквіту, і заслугоўвае ўласнай энцыклапедыі. Аўтар імкнуўся паказаць гісторыю горада праўдзіва і аб’ектыўна, абапіраючыся на даступныя крыніцы і навуковую літаратуру. Кніга напісаная на беларускай мове.

Гісторык Гродна і ўніверсітэцкая кар’ера

Вячаслаў Швед скончыў гістарычны факультэт БДУ ў 1979 годзе. Больш за 30 гадоў яго навуковая і выкладчыцкая дзейнасць была звязана з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, дзе ён працаваў прафесарам, быў загадчыкам кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму. Ён абараніў кандыдацкую дысертацыю ў 1984 годзе і доктарскую — у 2001-м, спецыялізуючыся на гісторыі Беларусі XVIII–XIX стагоддзяў.

Адным з ключавых праектаў Шведа стала кніга “Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада” — першы ў Беларусі падручнік па гісторыі канкрэтнага горада, створаны для школьнага курсу “Гродназнаўства”. Аднак пасля выхаду кнігі ейны наклад былі канфіскаваны, а сам прафесар у 2013 годзе быў звольнены з універсітэта. Прафесар публічна заявіў, што звальненне насіла палітычны характар, і выступіў з адкрытым лістом да сваіх калег, дзе папрасіў аб дапамозе.

Падручнік двойчы выдаваўся ў Гродзенскім універсітэце, а трэцяе выданне выйшла ва Уроцлаве ў друкарні Польскай акадэміі навук пасля таго, як у аблвыканкаме не ўдалося атрымаць фінансаванне. Мясцовыя ўлады тады абвінавацілі яго ў “падпольным выданні” падручніка. Прафесар назваў абвінавачванні неабгрунтаванымі і падкрэсліваў, што ў Польшчы была выдадзена кніга, а не падручнік.