Чорная ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года адабрала жыцці больш як 100 прадстаўнікоў грамадскай, навукойвай і культурнай эліты Беларусі, у тым ліку — літаратараў. Сярод творцаў, забітых НКУС — пісьменнік Мойшэ Кульбак. Напрыканцы кастрычніка, калі беларусы аддаюць даніну памяці расстраляным паэтам, і, разам з усім еўрапейскім светам, памінаюць сваіх памерлых, мы ўзгадаем вядомага аўтара, а таксама пройдземся па Вільні — горадзе, дзе творчасць Мойшэ Кульбака дасягнула росквіту.
Мойшэ Кульбак — беларускі і літоўскі ідышскі пісьменнік, актыўны культурны дзяяч 20-30 гадоў XX стагоддзя. Аўтар 7 прыжыццёвых кніг, вершаў, паэмаў і празаічных твораў на ідышы, у тым ліку — культавага мінскага рамана “Зэлмэняне”, паэмы пра жыццё габрэяў таго часу “Беларусь”, паэмы “Вільня”, шчымлівага верша “Зорачка”, які стаўся народнай песняй, і іншай добрай прозы ды паэзіі.
Пісьменнік нарадзіўся ў Смаргоні ў 1896 годзе, у розны час жыў у такіх гарадах як Коўна, Менск, Берлін, Вільня і інш. У польскай на той час Вільні пісьменнік пражыў найактыўнейшыя пяць год свайго творчага жыцця — з 1923 па 1928 год, а пасля прыняў рашэнне вярнуцца ў Беларусь. Спрабаваў наладзіць там творчае жыццё, працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх перыядычных выданняў, але не імкнуўся стаць пралетарскім пісьменнікам. У верасні 1937 году быў арыштаваны і прызнаны “агентам польскай выведкі”, абвінавачаны ва ўдзеле ў “контррэвалюцыйнай трацкісцкай тэрарыстычнай арганнізацыі”. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году Мойшэ Кульбак быў расстраляны разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі.
Габрэйская сям’я, у якой нарадзіўся Мойшэ Кульбак, была не зусім тыповай для тых часоў — ягоны бацька працаваў службоўцам у лесагандлёвай фірме, маці паходзіла з габрэйскай сельскагаспадарчай калоніі. Хлопчык атрымаў адукацыю ў некалькіх хедэрах і ешыботах, але вывучаў не толькі рэлігійныя, але і свецкія прадметы. Свае першыя вершы Мойшэ ствараў на іўрыце, пасля перайшоў на жывую мову свайго народа — ідыш.
Першую сусветную вайну Мойшэ заспеў у Коўне, дзе ён выкладаў іўрыт, пасля каля году будучы вядомы пісьменнік жыў у Менску, куды з набліжэннем фронту была вымушана перабрацца ягоная сям’я. З вясны 1919 году была спроба наладзіць жыццё ў Вільні, але ўжо ў верасні 1920-га Мойшэ з’ехаў у Берлін — на той момант горад з’яўляўся найбуйнейшым цэнтрам габрэйскага культурнага жыцця, тут ён планаваў паступіць ва ўніверсітэт. Планам не было наканавана здзейсніцца, і пісьменнік у 1923-м вярнуўся ў Вільню, дзе пражыў наступныя пяць гадоў.
Адразу па вяртанні ў Вільню Мойшэ Кульбак ажаніўся з Зэльдай (Жэняй) Эткінай, і жыў разам з ейнай сям’ёй у доме па цяперашнім адрасе Karmelitų gatvė 5, у кв. N1. Будынак захаваўся і па сённяшні дзень, ён адзначаны памятнай шыльдай.
Побач знаходзяцца вуліцы, важныя для гісторыі габрэйскага жыцця таго часу — Pylimo g., Rūdninkų g., Gaono g., Stiklių g. і інш. Можна прагуляцца па вулачках старога габрэйскага кварталу, яшчэ лепей адчуць подых часу і ўявіць сабе жыццё тутэйшых жыхароў у 20-х гадоў XX-га стагоддзя.
Тут жа, непадалёк, знаходзіцца і былы будынак Габрэйскай рэальнай гімназіі, у якой Мойшэ Кульбак выкладаў літаратуру. Па ўспамінах былых вучняў пісьменніка, ягоныя лекцыі былі вельмі цікавымі і натхняльнымі.
Гады ў Вільні для пісьменніка адзначаны і важнымі падзеямі ў асабістым жыцці — ў 1927 годзе нарадзіўся сын Эля, адбываўся і пэўны “кар’ерны” рост — Кульбак стаў прэзідэнтам Ідышскага ПЭН-Клубу, актыўна друкаваўся ў шмалікіх выданнях, рыхтаваў да друку “Поўны збор твораў Мойшэ Кульбака” ў віленскім выдавецтве Барыса Клецкіна. У гэты ж час паэт стварыў паэму “Вільня”, якая лічыцца адным з самых прыгожых вершаваных твораў, прысвечаных старажытнаму гораду.
Але за гэтымі радаснымі падзеямі ў жыцці і творчасці, за прыгожай карцінай актыўнага жыцця хаваліся і сумныя факты — Мойшэ Кульбак не мог жыць паўнавртасным жыццём паспяховага чалавека. Пісьменнік не быў польскім грамадзянінам, і таму не мог працаваць поўны працоўны дзень, яму прыходзілася пастаянна шукаць магчымасці падзарабіць, каб пракарміць сябе і сваю сям’ю. Таксама ідыш не быў дзяржаўнай мовай краіны, а пісьменніку хацелася развіцця сваёй творчасці, паляпшэння якасці жыцця агулам. Так Мойшэ Кульбак прыняў рашэнне пераехаць у БССР, у Менск, дзе, на той час, падавалася, віравала жыццё, дзе выдавалася шмат кніг на ідыш.
Кульбак быў адной з найярчэйшых віленскіх зорак, і на развітальны вечар з паэтам у Народны тэатр прыйшла такая вялікая колькасць людзей, што не ўсе змясціліся ў будынак. Дом гэты знаходзіцца на цяперашняй вуліцы Liejyklos, акурат насупраць мемарыяльнай шыльды Ёсіфу Бродскаму. Тагачасныя віленскія газеты з вялікім жалем пісалі пра ад’езд паэта, а “Vilner Tog” (“Віленскі дзень”) паведамляла чытачам, што “Вільня губляе натхнёнага паэта, які апяваў прыроду Літвы, і асабліва Вільні, у чароўных вершах і паэмах”.
19 кастрычніка 1928 году Мойшэ Кульбак працягнуў кандуктару квіток на ранішні цягнік Вільня-Менск і ўвечары быў ужо ў сталіцы БССР. Факт прыезду пісьменніка менская газета “Звязда” адзначыла сухімі радкамі: “У Менск прыехаў з Вільні вядомы яўрэйскі паэта Кульбак. Пісьменьнік застаецца на сталай рабоце ў СССР”.
Сёння ў Вільні вялікая частка памяці пра Мойшэ Кульбака — у самім горадзе. Можна паблукаць па вулачках Вільні, уявіць, як тут хадзіў пісьменнік. Прыпыніцца каля Вяллі, якая таксама з’яўляецца істотнай дзейнай асобай у творах пісьменніка.
А скончыць шпацыр можна каля помніка ваданосу — персанажу з паэмы “Вільня”. Помнік створаны Ромуальдасам Квінтасам і ўсталяваны ў 2020 годзе.
Як і сто гадоў таму, ваданос замірае і ўглядаецца ў нізкае віленскае неба:
Un af der alter šul a vasertreger a gefrorener —
dos berdele farkašert – štejt un cejlt di štern
“А на старой бажніцы змерзлы ваданос —
Задраўшы бараду — стаіць і лічыць зоры” (пераклад Сяргея Шупы)
Асноўная частка інфармайцыі ўзята з кнігі Мойшэ Кульбак “Усе вершы і паэмы” / укладанне Сяргея Шупы. Прага, выдавецтва “Вясна”, 2022 году
АД, для bellit.info