У новым выпуску на сваім YouTube-канале выкладчык і паэт Андрэй Хадановіч спрабуе вытлумачыць невытлумачальнае і разгадаць, як працуе хіба вяршыня творчасці Эдгара Алан По верш “Крумкач”.
З відэа можна дазнацца:
- як По стаў “крытыкам з тамагаўкам”;
- чаму пісьменніка можна назваць вялікім першаадкрывальнікам у літаратуры;
- што сказаў Конан Дойл у прамове да юбілею По і да чаго тут піраміда Хеопса;
- чаму жанчына-анёл — скразны вобраз у паэта;
- які аб’ём верша По лічыў ідэальным, а чаму паэмы Мілтана і Гамэра — кепскія, на думку аўтара “Паэтычнай кампазіцыі”;
- чаму галоўным героем верша стаў менавіта крумкач і як у ягоныя вусны По паклаў слова “Nevermore”;
- хто першы перакладчык верша “Крумкач” на беларускую мову;
- як Хадановіч пераклаў на беларускую мову рэфрэн “nevermore”;
- загадкавая смерць По: ці напрарочыў аўтар сабе сумны фінал.
Некалькі думак з відэа:
Паводле По, першае патрабаванне для творцы — патрабаванне абмежаванага аб’ёму. Твор павінен быць кароткім і прачытаным у адзін прысест. Калі чытач на сярэдзіне загорне кніжку, а потым зноў мусіць яе разгарнуць, то пісьменнік пацярпеў паразу, бо першае ўражанне мацнейшае за другое. Таму Мілтан са “Страчаным раем” і Гамэр з “Іліядай” — аўтары “кепскіх” паэмаў. Паводле По, гэта “кепскія” паэмы, але яны складаюцца з дзясяткаў і соцен добрых вершаў. Але твор і не павінен быць занадта кароткім, інакш нашая эмпатыя не паспявае разагнацца. Выснова Эдгара По: ідэальны аб’ём — 100 радкоў. Менавіта такім у 108 радкоў выйшаў ягоны “Крумкач”.
Найцікавейшая псіхалагічная інтрыга верша “Крумкач”: мы хутка арыентуемся, што крумкач можа адказаць толькі адно слова “Nevermore”, таму інтрыгу мусіць зрабіць іншае — паказаць такога лірычнага героя, які даведзены да такой ступені роспачы, што пачынае ўсур’ёз уступаць у дыялог з крумкачом. Калі адказ адзін і той жа, трэба ў правільным парадку задаваць пытанні: ад больш выпадковых да ўсё больш важных. “Хто ты і адкуль?”, “З якога пекла цябе занесла, крумкач?” — такое сабе несур’ёзнае стаўленне да сур’ёзнага. Потым лірычны герой будзе за гэтую паблажлівасць сурова пакараны. А потым сур’ёзнасць пытанняў нарастае: “Ці здолею я сустрэцца са сваёй страчанай каханай?” Адказ вы ведаеце: “Ніколі больш” <...> Несур’ёзная гульня ператвараецца ў нас на вачах у складаную псіхалагічную пастку без выйсця.