У Вільні выйшла кніга перакладаў выбранай паэзіі Вітаўтаса Мачэрніса, самага маладога класіка літоўскай паэзіі ў перастварэнні Ванды Марцінш душ Рэйш. У выбраным пад назвай “Я караля ў табе прызнаў” літоўскія арыгіналы і беларускія пераклады надрукаваныя паралельна.
“Папіла гэтая кніга з мяне крыві — спачатку быў нейкі мор на рэдактараў — хто ні возьмецца рэдагаваць, адразу ці захварэе, ці яшчэ якое няшчасце здарыцца. А пра пісанне праекта на фінансаванне ад Дэпартамента нацыянальных меншасцяў я наогул маўчу: не маё гэта — прасіць грошы, добра яшчэ, што старшыня віленскага беларускага клуба “Сябрына” Валянцін Стэх дапамог”, — эмацыйна адгукнулася на выхад кнігі паэтка і перакладчыца Ванда Марцінш.
Кніга “Я караля ў табе прызнаў” выйшла ў Вільні пры падтрымцы дэпартамента нацыянальных меншасцяў Літвы, віленскага беларускага клуба “Сябрына” і літоўскага літаратурнага інстытута імя Майроніса.
Вітаўт Мачэрніс адзін з самых яркіх творцаў Літвы ХХ ст. пражыў зусім кароткае жыццё (1921—1944). Быў паліглотам, валодаў амаль дзясяткам моваў, вучыўся ва ўніверсітэтах Коўна і Вільні. Вядомы сваімі філасофскімі і глыбока меланхалічнымі вершамі, сярод якіх славуты цыкл “Зімовыя санэты”. Трагічна загінуў ад аскепка савецкага танкавага снарада пры абстрэле мястэчка Жэмайцкая Кальварыя 7 кастрычніка 1944 году.
З летніх санэтаў
ІІ
Ад шуму стомнага, ад пыльных вуліцаў і сонца
Я зноў вярнуўся у забыты дом, дзе грае цень,
Яшчэ як каляровы сон свет мірсціцца бясконцы,
Бурлівую я бачу плынь людзей на вуліцах праз дзень.
Сяджу я, вусны ў агні, а вочы свецяць хвора…
За сценкай – спеў малой сястры, нягучны і глухі,
А матылькі, што адбіваюцца ад вокнаў спора,
На трэснутыя шыбы сыплюць жоўты пыл сухі.
Там за акном па лузе сонца й цені ходзяць чутка,
Далей – ставы на горцы дрэмлюць, роўныя як стол…
Засні ж ты, сэрца, што вытрымала столькі смутку,
Што мінака цікаўны позірк раніць, як укол…
А на стале букецік красак з поля ў дрымоце,
І за акном казурак бзык і гул ад мёду цяжкіх пчол.
пераклад Ванды Марцінш






