Успаміны Ларысы Геніюш перавыдалі па-польску

Фонд “Камунікат” і Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку перавыдалі польскі пераклад кнігі ўспаміны паэткі Ларысы Геніюш, якая ў Беларусі выходзіла пад назвай “Споведзь”. Перакладное выданне называецца “Ptaki bez gniazd. Wspomnienia” (Птушкі без гнёздаў. Успаміны).

Першае выданне польскай версіі кнігі “Ptaki bez gniazd. Wspomnienia” ў перакладзе Чэслава Сэнюха выйшла ў 2012 годзе, дзякуючы Беларускаму гістарычнаму таварыству ў Беластоку.

Кніга таксама выходзіла на некалькіх мовах і пад рознымі загалоўкамі — у арыгінале “Споведзь”, па-чэшску — “Pani Doktorowa”. У “Слове ад унука” ў сёлетнім беларускамоўным перавыданні фонда “Камунікат” Міхась Геніюш піша, што сама аўтарка лічыла, што твор мусіць называцца — “Успаміны”.

Мая бабуля супраціўлялася такой назве [Споведзь] яшчэ пры жыцці — дадае Міхась Геніюш —сцвярджаючы, што людзі вызнаюць свае грахі і дрэнныя ўчынкі, але ў яе не было такіх перад сваёй краінай. Грахі і несправядлівасці сапраўды былі здзейсненыя, але ў адносінах да яе, і за гэта ейнай сям’і давялося заплаціць такую бязлітасную цану“.

У 2025 годзе спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш. Напярэдадні гэтага юбілейнага года, 19 снежня 2024 чэшскія ўлады прынялі рашэнне пра аднаўленне чэшскага грамадзянства Ларысе і Янку Геніюшам. У дакуменце гаворыцца, што яны ніколі не страчвалі гэтага грамадзянства, і што іх выдача савецкім уладам была незаконнаю.

Замовіць кнігу можна проста цяпер праз сайт Kamunikat.shop.