З 29 лістапада па 1 снежня ў Беластоку пройдзе літаратурны фестываль-семінар “Бязмежжа”. У першы дзень выступяць Алесь Аркуш, Уладзімір Някляеў, Міра Лукша, Віктар Сямашка ды іншыя прадстаўнікі беларускай літаратуры як з Падляшша, так і дыяспары.
Паэт Уладзімір Някляеў раскажа пра вечнасць беларускага лёсу ў ніўскіх вандраваннях журналісткі і пісьменніцы з Падляшша Ганны Кандрацюк, якая летась атрымала Прэмію Гедройця за кнігу “У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы”.
Таксама паэт, музыка і кампазітар Віктар Сямашка ўпершыню прэзентуе адмысловую музычную праграму памяці Надзеі Артымовіч – “Звышверш”.
Падчас літаратурнага “Бязмежжа” будзе адзначацца 65-годдзе пісьменніка Міхася Андрасюка. А 29 лістапада у 18 гадзін у кавярні Fama запланаваны бенефіс падляшскай паэткі, перакладчыцы і журналісткі Міры Лукшы.
Адкрыюць сёлетняе “Бязмежжа” рухавік семінара, выдавец і старшыня Праграмнай рады тыднёвіка “Ніва” Яўгена Вапа і Ціхан Чарнякевіч — прадстаўнік Міжнароднага Саюзу белрускіх пісьменнікаў. Трэці арганізатар семінару Беларускі саюз у Польшчы, а фінансавую падтрымку забяспечылі сярод іншага Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы і Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства.
Стартавала “Бязмежжа” ў 1996-м. Гэта быў час, які колішняя амбасадарка Эльжбета Смулэк ахарактарызавала так: “Беларусь – малавядомы сусед Польшчы”.
“”Бязмежжа“ ў сваёй назве і ў сваёй гісторыі яно бязмежнае. Бо такая была ідэя — нягледзячы на межы, зрабіць магчымым пранікненне і развіванне беларускай літаратуры. Сустрэча беларускіх літаратараў з Падляшша і Беларусі, а таксама магчымасці дайсці да таго, каб беларуская літаратура, тады, калі мы ўзнікалі, каб яна знайшлася ў пункце бачання польскага фокусу, польскай культуры. Ну і гэта здарылася. Так што тут „Бязмежжа“ сапраўды захоўвае свае асноўныя прынцыпы верна“, — цытуе “Рацыя” аднаго з галоўных арганізатараў семінару Яўгена Вапу.
На загалоўным фота Яўген Вапа