Фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova, які праходзіць сёлета ў трох краінах, пачаўся 30 верасня ў грузінскім Батумі. Выдаўцы, пісьменнікі, паэты і інтэлектуалы дыскутавалі і разважалі пра будучыню беларускай кнігі і лёс беларусаў.
Фестывальная праграма батумскай часткі “Прадмовы” праходзіла ў прасторы “аКсяродак” на трох пляцоўках: галоўнай, творчай і дзіцячай. Частка мерапрыемстваў транслявалася анлайн (можна паглядзець першы дзень і другі дзень).
Сярод іншага 30 верасня прайшла дыскусія “Будучыня беларускіх кніг у сучасным свеце”, якую мадэравала заснавальніца прасторы “аКсяродак” Аксана Акуневіч. Стваральнік праекта аўдыякніг «Кніжны Воз» Міхась Бутылін, прадстаўніца ўкраінскай літаратурнай кавярні «Інстытут» у Батумі Алэна Сіроціна і выдавец Андрэй Янушкевіч сярод іншага разважалі пра тое, на каго працуюць выдаўцы за мяжой, ці існуе сцяна паміж выдаўцамі і чытачамі ў Беларусі.
Андрэй Янушкевіч патлумачыў, што няма ніякай жалезнай заслоны і часам мы самі яе прыдумляем, бо, калі чалавек жыве дзесьці за мяжой і не можа купіць папяровую кнігу, існуе электронная кніга ці аўдыякніга, якую можна купіць у любой кропцы свету. З іншага боку “Калі ты яе (кнігу) робіш у Амерыцы, у Польшчы, у Грузіі, яна ж можа быць даступная для беларусаў у Беларусі. Але факты кажуць пра тое, што гэты шлях не карыстаецца вялікай папулярнасцю”, — кажа Янушкевіч.
У канцы сустрэчы Аксана Акуневіч спытала пра тое, якой госці бачаць будучыню беларускай кнігі праз 10 гадоў. За украінскую кнігу застаецца, бадай што, толькі парадавацца, бо, па словах Алэны Сіроцінай, “не стае часу чытаць тое, што зараз з’яўляецца на украінскай мове. Вельмі шмат новых аўтараў, якія пішуць пра сучасныя праблемы”. А Андрэй Янушкевіч і Міхась Бутылін пагадзіліся на тым, што ўсё ў нашых руках і перадусім трэба не прагназаваць, а рабіць справу і тады ўсё будзе.
Пра кнігі на фестывалі не толькі разважалі, іх можна было патрымаць у руках і купіць. У тым ліку навінкі ад выдавецтва “Янушкевіч”.
Падчас асобнай прэзентацыі ініцыятывы “Кніжны Воз” Міхась Бутылін апавядаў, як і калі нарадзілася ідэя запісваць аўдыёкнігі па-беларуску, што падштурхнула стварыць праект, як усё пачалося і перарасло на новы ўзровень.
Таксама ў першы дзень прайшла прэзентацыя кнігі Змітра Лукашука “Беларуская нацыянальная ідэя 3”, інтэрактыўная лекцыя “Песні беларускага супраціву” ад Змітра Зайко з удзелам Змітра Бартосіка.
Праграма другога дня была не менш насычаная і ўключала не толькі беларускіх, але і грузінскіх гасцей, якія дзяліліся ўласным досведам у дыскусіі пра захаванне культуры і мовы ў краіне, заціснутай паміж дзвюх імперый. Дыскусія змянілася супольнымі двухмоўнымі паэтычнымі чытаннямі з удзелам паэтаў Шоты Іаташвілі, Давіда Рабакідзэ, Гагі Нахуцрышвілі, Стася Карпава, Аляксандра Ждановіча і іншых.
Вельмі заўважнай на батумскай “Прадмове” была прысутнасць пісьменніцы Ева Вежнавец (Святлана Курс), якая ўдзельнічала ў некалькі пунктах праграмы, у тым ліку ў размове-інтэрв’ю “Тайны малога мястэчка”, якую вёў Стась Карпаў.