Стала вядома, хто перамог у конкурсе рукапісаў “Шуфлядка”

Каманда фестывалю інтэлектуальнай кнігі Pradmova, якая праводзіць конкурс рукапісаў “Шуфлядка”, абвясціла пераможцаў трэцяга сезону. На разгляд прымаліся рукапісы ў трох катэгорыях: “Дзіцячая і падлеткавая кніга”, “Нон-фікш і дакументальная проза” і “Масавыя жанры”.

Такім чынам, пераможцамі “Шуфлядкі” 2025 году сталі:

Намінацыя “Дзіцячая і падлеткавая кніга”

Юрый Мамчыц “Год чараўніцтва”

За стварэнне казачнага свету, небанальнасць сюжэту, нечаканы фінал і прадуманую кампазіцыю.

Намінацыя “Нон-фікшн”

Алесь Яфімаў “Лімінальнасць”

За спробу знайсці і асэнсаваць сябе ў гісторыі Беларусі на мяжы стагоддзяў.

Намінацыя “Масавыя жанры”

Сіняя Пушча (псеўданім) “Матылькі” і “Пагарэлец”

За сэнсоўнае мастацкае выказванне ў падтрымку разнастайнасці свету і ўменне стварыць гарманічны сюжэт.

Экспертнае журы прызнала гэтыя творы арганічна звязанымі і рэкамендавала выдаць абодва адной кнігай.

Прызам у кожнай намінацыі з’яўляецца падтрымка выдання папяровай кнігі. Выданне будзе адбывацца на ўмовах тэндару для выдавецтваў.

Таксама арганізатары конкурсу дзеляцца вынікамі чытацкага галасавання, якое прайшло ў двух намінацыях:

  • Намінацыя “Дзіцячая і падлеткавая кніга”: Алеся Казка “Серпікі і таямніцы выкрадання”
  • Намінацыя “Масавыя жанры”: Сіняя Пушча “Матылькі”

Пераможцы чытацкага галасавання атрымаюць магчымасць выдаць свой тэкст электронным выданнем (на ўмовах тэндару). З улікам сітуацыі перамогі Сіняй Пушчы ў двух галасаваннях, Аргкамітэт абмяркуе з аўтарам(-кай) найлепшы варыянт для тэндара рукапісаў.

Bellit.info далучаецца да віншаванняў пераможцам!