Опера Свабоднага тэатра “Дзікае паляванне караля Стаха” намінаваная на Olivier Awards 2024 — найвышэйшую тэатральную прэмію Вялікабрытаніі. Спектакль, пастаўлены Мікалаем Халезіным і Наталляй Калядой паводле рамана Уладзіміра Караткевіча, прэтэндуе на ўзнагароду ў катэгорыі “Выбітныя дасягненні ў оперным мастацтве” (Outstanding achievement in opera), піша Reform са спасылкай на The Guardian.
Канкурэнцыю Беларускаму Свабоднаму тэатру ў намінацыі складаюць: Антонія Папана — музычны кіраўнік Royal Opera House ды Марына Абрамовіч за яе канцэпцыю спектакля “7 смерцяў Марыі Калас”.
Нагадаем, што прэм’ера спектакля “Дзікае паляванне караля Стаха”, які ўяўляе сабой сінтэз оперы, драматычнага тэатра, мультымедыя і жывой музыкі, адбылася 15 верасня 2023 года на сцэне лонданскага Barbican. Музыку да яго напісала кампазітарка Вольга Падгайская, лібрэта стварыў Андрэй Хадановіч. Дырыжор – Віталь Алексяёнак, харэографка – Марыя Сазонава.
Тэатральны крытык Time Out Анджэй Лукоўскі назваў партытуру Вольгі Падгайскай «абсалютна фенаменальнай», а візуальны складнік спектакля «ўзрушальным». Спектакль сабраў вялікую колькасць рэцэнзій у брытанскай прэсе.
Olivier Awards прызнана на міжнародным узроўні як найвышэйшая ўзнагарода ў брытанскім тэатры, эквівалентная прэміі BAFTA для кіно і тэлебачання і BRIT Awards для музыкі. Штогод яна прысуджаецца асобам, якія ўдзельнічаюць у пастаноўках Вест-Энда і іншых вядучых некамерцыйных тэатраў Лондана ў шэрагу катэгорый, якія ахопліваюць «найлепшую новую п’есу», «найлепшы новы мюзікл», «найлепшы актор», «найлепшая актрыса», «найлепшы рэжысёр», «выбітныя дасягненні ў оперным мастацтве», «выбітныя дасягненні ў танцы» і іншыя напрамкі.
Сёлета цырымонія ўзнагароджання Olivier Awards 2024 пройдзе ў Каралеўскім Альберт-Холе 14 красавіка.