У сакавіку падчас другога Сеульскага фестывалю монаспектакляў выступіць акторка, рэжысёрка і спявачка Паліна Дабравольская (Chornabrova) з музычнай драмай “SarmaTY/JA” паводле аднайменнай паэмы Марыі Мартысевіч.
Паэма Марыі Мартысевіч была выдадзена ў 2018 годзе. Марыя публікавала ў фэйсбуку вершаваныя лісты, якія ейная лірычная гераіня пісала на сваю радзіму з краіны, якую называла Сарматыяй. Яна апісвае мясцовыя звычкі і прызнаецца ў каханні да аднаго сармата. Як гаворыцца ў тэксце на старонцы прысвечанай паэме, чытачы гэтых допісаў натхнілі аўтарку выдаць кнігу, якая з’явілася з дапамогай краўндфандынгу, а напрыканцы 2021 году рэжысёрка Паліна Дабравольская пачала рыхтаваць да пастаноўкі ва Уроцлаве музычны монаспектакль паводле гэтай паэмы.

Выразным візуальным акцэнтам спектакля з’яўляюцца касцюмы беларускай дызайнеркі Настассі Рабавай. Рэжысёрка і акторка Паліна Дабравольская выкупіла ейную калекцыю для свайго паказу, для яе гэтыя белыя сукенкі – і спроба няўдалага пераўвасаблення галоўнай гераіні ў сарматку, і клетка, у якую яна добраахвотна ўлазіць і з якой выбіраецца незадоўга да сваёй гібелі.
Частка візуальнага аповеду адбываецца на трох вялікіх экранах, на якіх дэманструецца відэа, зробленае самой рэжысёркай, і анімацыя, ствараная Юліяй Рудніцкай паводле ілюстрацый ейнага аўтарства да беларускага выдання паэмы “Сарматыя”.
Цяпер усё гэта чакае наведнікаў фестывалю ў Сеуле. Зычым поспеху!