Журы прэміі імя Наталлі Арсенневай, якой ганаруецца найлепшая паэтычная кніга, разгледзела заяўкі за 2022 і 2023 гады і зацвердзіла поўныя спісы намінантаў.
Такім чынам, за званне найлепшай паэтычнай кнігі 2022 году, пазмагаецца шэсць выданняў:
- Альгерд Бахарэвіч, «Вершы», (выдавецтва «Viasna»)
- Ганна Комар, «Мы вернемся» (выдавецтва «Skaryna Press»)
- Наста Кудасава, «Побач» (выдавецкая ініцыятыва «Skarynyčy»)
- Марыя Мартысевіч, «Водападзел» (выдавецтва «Полацкія лабірынты»)
- Вальжына Морт, «Песні мёртвых і ўваскрэслых» (выдавецтва «Пфляўмбаўм»)
- Ганна Янкута, «Канстытуцыя» (фонд «Kamunikat.org»)
У сваю чаргу поўны спіс намінантаў на Прэмію Арсенневай за 2023 год складаецца з 17 кніг. Частка імёнаў аўтараў і назваў публічна не агучваецца і прадстаўленая ў зашыфраваным выглядзе.
- Валянціна Аксак, «Уцёкі з Палесся» (фонд «Kamunikat.org»)
- Марыя Бадзей, «Мёд і дым» (выдавецтва «Пфляўмбаўм»)
- Вера Бейка, «Спевы на золку» (выдавецтва «Паэзія»)
- Марыя Ізмер, «Сон зямлі» (выдавецтва «Літаратура»)
- Артур Камароўскі, «Я і ёсць забаронены сцяг» (выдавецтва «hochroth Minsk»)
- Артур Камароўскі, «Corpus Vile» (выдавецтва «Skaryna Press»)
- Майстар гульні, «Кніга» (выдавецтва «Літаратура»)
- Ганна Комар, «Вызвалі або бяжы» (выдавецтва «hochroth Minsk»)
- Ганна Комар, «Трыпутнік / Ribwort» (выдавецтва «3TimesRebel Press»)
- Наста Кудасава, «Я працягваю» (выдавецтва «hochroth Minsk»)
- Алесь Плотка, «Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine» (выдавецтва «Skaryna Press»)
- Дзмітрый Рубін, «Выпадак» (выдавецтва «Skaryna Press»)
- Андрэй Скурко, «Хто жыве ў гаражы: вершы пра машынкі» (выдавецтва «Gutenberg Publisher»)
- Ева Арлова, «Невядомы маршрут» (выдавецтва «Паэзія»)
- Андрэй Сцепанюк, «Зямля над белай ракой» (праграмная рада тыднёвіка «Ніва», 2023)
- Віктар Сямашка, «Аўтар мае рацыю заўжды» (выдавецтва «Agencja Wydawnicza Ekopress»)
- Ганна Шакель, «Цела мігдалу» (выдавецкая ініцыятыва «Вільма»)
Згодна са статутам прэміі, намінанты і намінанткі маюць права дзеля бяспекі захаваць ананімнасць і абраць зашыфраваны ўдзел. У такім выпадку іх імёны схаваныя пад псеўданімамі, не абвяшчаюцца і назвы твораў. Прозвішчы будуць абвешчаныя толькі пасля таго, як гэта стане бяспечна для аўтараў.
Паэтычная прэмія была заснаваная ў гонар Наталлі Арсенневай, знакавай беларускай паэткі, аўтаркі словаў да гімна “Магутны Божа”, якая працягвала сваю дзейнасць у эміграцыі, робячы неацэнны ўнёсак у захаванне і развіццё беларускай культуры і літаратуры. Арганізацыяй прэміі займаюцца Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.