Сяргей Дубавец у межах падкаста “Літаратурныя зацемкі” дзеліцца ўражаннямі ад прачытання ў беларускім перакладзе Сабіны Брыло раману Гінтараса Граяўскаса “Гісторыі пра адважнага рыцара Тэнксалота і дракона містэра Кайндлі”, які выйшаў у новым выдавецтве Surma. Алегарычнная казка для дарослых пра годнасць, сяброўства, выбар між “біць альбо не біць” і пошукі свайго дракона.
Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.
Па-літоўску гэтая кніжка выйшла ў 2012 годзе. Каб зразумець, што яна зь сябе ўяўляе, самая простая аналёгія — з “Маленькім прынцам” Антуана дэ Сэнт Экзюпэры — алегарычнай казкай, якую ведаюць усе, пасьля Бібліі найбольш чытаная на францускай мове, перакладзеная на 300 моваў сьвету. Яшчэ варта сказаць пра “дзіцячы” стыль апавяданьня, толькі пра стыль, бо насамрэч у вас у руках дарослая кніжка. Але гэта, бадай, і ўсе аналёгіі, бо ў Граяўскаса — цалкам арыгінальны твор.
Успрыманьне сьвету праз алегорыі — для пісьменьніка ці не найцяжэйшая задача, бо на кожным кроку цябе чакае правал, і толькі некаторым удаецца сабраць разам карціну сьвету, якой чытач паверыць. Між іншым, Граяўскас, таксама алегарычна, распавядае і пра саму гэткую задачу. Твор поўны самарэфлексіяў, а аўтар найперш вядомы як таленавіты паэт. А яшчэ ён аўтар песень і выканаўца, граў на бас-гітары і сьпяваў у блюз-рок групе “Кантрабанда” і ў джаз-рок групе “Ракфэлеры”, зь якімі запісаў шэсьць альбомаў.
Шчыра кажучы, мне не ўдаецца ўявіць, каб у Беларусі рок-гурт называўся “Ракфэлеры”. Штосьці стрымлівае ад такога “нахабства”. Магчыма, тое, што ў Беларусі арыентацыю на Захад афіцыйна прынята ўспрымаць іранічна ці адмоўна, а ў Літве гэта норма. І, беручы новую кнігу ў рукі, я прадчуваю яшчэ і такую асалоду: параўнаньне зь літоўскім мэнтальным самапачуваньнем, іроніяй, прэтэнзіямі і ўвогуле — як мы, беларусы, рэфлексуем на літоўскую амбітнасьць. Не забывайма, што паміж Беларусяй і Літвой больш за 600 км агульнай мяжы, якой да 1990-х ніколі ў гісторыі не было, а пры тым мы адны пра адных амаль нічога ня ведаем. Кніга быццам сама намякае на гэта, бо сканчаецца назвай вядомай менскай вуліцы — Ангарскай.
Словам, такое дадатковае параўнаньне беларускаму чытачу гарантаванае. Не заўсёды літаральна, найчасьцей трэба зазіраць у глыбокія кантэксты. Але разгорнем, нарэшце, гэтае прывабнае выданьне.
***
Рыцара Тэнксалота — маладога, ветлівага і добра выхаванага, як і належыць сапраўднаму рыцару, за рыцара, тым ня менш, іншыя рыцары не ўспрымалі, бо яму не хапала яшчэ адной абавязковай характарыстыкі — ён яшчэ не ўчыніў подзьвіг, гэта значыць, не забіў дракона. Як вы ўжо зразумелі, кніжка разглядае ўсякія стэрэатыпы рамантычнай літаратуры, у тым ліку і гэты: “Біць альбо ня біць?” — як маральную дылему рыцара.
І вось Тэнксалот выпраўляецца на пошукі свайго дракона. Ён знаходзіць дзевяцігаловага старога містара Кайндлі, таксама ветлівага і добра выхаванага… Для іх абодвух і паўстае дылема: ці заставацца ветлівымі, ці ператварыцца ў тых боўдзілаў, што толькі папіваюць эль ды гарлаюць непрыстойныя песьні. У прынцыпе ў гэтым і ёсьць уся ўвогуле праблема — ці быць ветлівым ці кагосьці (па-геройску) забіць. І што з гэтага вынікае — прычым заўсёды, паўсюль і ўва ўсіх сытуацыях.
Мне тут зь беларускага гледзішча, асабліва сёньня, дылемы ня ўбачылася. Але ў літоўцаў яна настойліва паўтараецца што да сябе як да нацыі — быць ветлівым і добра выхаваным, бо гэта адрозьнівае нас ад расейцаў, не дазваляе стаць расейцамі, а значыць, захоўвае нас як нацыю. Няма літоўца, які б не разумеў па-літоўску, у адрозьненьне ад русыфікаваных беларусаў, і наступны мур самазахаваньня ў гэтым — мы ветлівыя і добра выхаваныя. Чаго ня скажаш пра Лукашэнку і ягоных служкаў, а пагатоў пра Пуціна і большасьць расейцаў, якія забіваюць украінцаў.
Такім чынам, мы ведаем праблему і цяпер даведваемся, дзе яна знаходзіцца. Ня дзіва, што яна — у галаве. Але ў дракона дзевяць галоваў, і гэта спараджае пэўную шызафрэнію, бо кожная галава бачыць рэчаіснасьць па-свойму і таму яны спрачаюцца, чыё бачаньне слушнае і як яно насамрэч ёсьць. Урэшце, як сказаў адзін драконаў мысьляр, ніякай ісьціны, нічога “насамрэч” не існуе, і ўсё, што адбываецца ў сьвеце — гэта дым. Але гэта, можа быць, аб’ектыўны погляд, а суб’ектыўны выглядае так. У эпіграфе да кнігі разьмешчаная цытата з Сэрвантэса: “Кожны чалавек — дзіця сваіх учынкаў”.
Інакш кажучы, адбываецца праца над базавымі наладамі чалавека. І гэта — пашыраная ў літоўскай прасторы зьява. Дбаць пра базу і такім чынам супрацьстаяць выклікам расчалавечваньня.
Чыста ў дужках у мяне застаецца, як працяг дылемы “біць ці ня біць”, пытаньне пра мясаедзтва. Калі вы такія чалавечныя і добра выхаваныя, калі жывёлы ў вас гавораць чалавечымі галасамі, а каалы дык і наогул гуляюць у шахматы, што пры гэтым вы думаеце пра забойства жывёлаў на зьядзеньне?
Пытаньне, якое звычайна ігнаруюць, але ў алегарычным творы ніякае пытаньне не адкінеш, бо ты быццам прасьвечваеш саму тканіну жыцьця і нічога нікуды схаваць папросту немагчыма. І кожнага разу, як толькі пачынаеш разважаць пра сусьветныя праблемы або выбіраеш, хто дзейнічае прымальна і справядліва — мірныя дэманстранты ці лукашэнкавы галаварэзы, як бы само сабой выбіраеш дэманстрантаў, але штосьці ў падкорцы падказвае, што гэта не канчатковы адказ, бо і дэманстранты, і галаварэзы жаруць тую самую ніяк не гуманным чынам здабытую сьвініну:
“Ці магу я ў Вас яшчэ пра нешта запытацца, містэр Кайндлі? — далікатна пацікавіўся рыцар Тэнксалот пасьля сьняданку — яечні з хрусткімі скваркамі і смажанымі таматамі, грэнкамі і гарбаты з малаком”.
І яшчэ адна цытата:
“А яшчэ яны сёньня сьвяткуюць дзень Рудога Велікана з Корнуала. У ягоны гонар мы, пад кіраўніцтвам маёй шостай галавы, увесь дзень сьвяткуем, п’ём шатляндзкае віскі, ямо смажанага гусака і сьпяваем”.
Словам, ці нашы героі такім чынам не ператвараюцца ў тых “сапраўдных” рыцара і дракона, ад якіх яны выразна адрозьніваюцца сваёй ветлівасьцю ды выхаванасьцю. І ці не адбываецца тут тое, што Леў Талстой называў “непасьлядоўнасьцю добрага жыцьця”?
Беручыся разважаць пра этыку, мы непазьбежна адчуваем пад нагамі дрыгвістую аснову, пра якую не прынята гаварыць, пра нявырашаныя праблемы існаваньня. Бо вось табе ў Ісьляндыі зноў дазволілі забіваць кітоў, а ў Беларусі — мядзьведзяў і рысяў… І этычны момант у гэтай справе пакуль што пакідаецца за тэматычнымі рамкамі.
***
Граяўскас падае шмат пазнавальных сюжэтаў, узнаўляючы жыцьцё колішніх брытанскіх рыцараў, напрыклад, пра корнскую мову, мову рыцараў, баронячы якую, сапраўдны рыцар і чулы паэт Рычард Трэвітык заявіў: “Я ніколі ня буду гаварыць па-ангельску”. І гэтыя словы, бадай, ня могуць пакінуць спакойным ніводнае літоўскае сэрца. Чаго, на жаль, ня скажаш пра беларусаў, якія страцілі натуральны навык змаганьня за сваю мову.
У розных тэмах аўтар паралеліць або супрацьпастаўляе рыцараў, то бок людзей, і драконаў. Хоць зразумела, што людзі бываюць розныя і драконы таксама.
“— Усюды розныя, няма сумневу, — пагадзіўся містэр Кайндлі. — Але старыя добрыя драконавы каштоўнасьці не зьмяніліся за тысячы гадоў: гонар, высакародзтва, дасьціпнасьць, сяброўства. А для большасьці людзей гэта проста пустыя словы. Паводзяцца не як вялікая раса, а як дробныя грызуны, галоўная мэта якіх — хутчэй набіць шчокі розным сьмецьцем”.
Ці ўзяць тэму ўрбанізацыі. Мы ж не забываем, што, незалежна ад усіх зьнешніх роляў, вопратак ды імён, мы чытаем пра літоўцаў і параўноўваем іх зь беларусамі. Для тых, хто ня ведае, нагадаю, што ў ХХ стагодзьдзі абодва народы перажылі вялікую ўрбанізацыю, то бок пераехалі зь вёсак у горад. Усё адбывалася быццам гэтаксама, адна вялікая розьніца была ў тым, што літоўцы пераехалі літоўцамі, прывезьлі з сабой сваю мову, культуру, традыцыі, якія цяпер стануць гарадзкімі, а беларусы пераехалі без сваёй мовы, культуры і традыцыяў, а часам ужо і як не беларусы.
Словам, размова заходзіць пра гарадзкіх драконаў. Цытую:
“— Спачатку драконам няблага там жылося, калі не зважаць на хранічны гастрыт і праблемы з залішняй вагой. Уяўляеце, якім полымем дыхаюць драконы, што пакутуюць на пякотку! Ведаеце, гарадзкія дараконы — як гарадзкія вераб’і: заўсёды тоўстыя. А некаторыя — сапраўдныя аб’ядалы, як той знакаміты Кракаўскі Таўстун. Ужо ня кажучы пра легендарнага віленскага абжору па імені Цмок Пакля. Ня чулі пра іх… Людзі там да гэтага часу кажуць „жарэ як цмок паклю“. Дарэчы, спадар Цмок Пакля — мой стары знаёмы. У юнацтве ён быў кволым цыбатым рамантыкам, захапляўся барока і дасьледаваў старажытныя мовы. Цяпер жа, наколькі ведаю, ён жыве ў балотах Брэтані, адрэзаны ад усяго сьвету“.
Адбываецца разбурэньне легендаў, нібы драконы жаруць нявіньніц, якія прыдумляюць эгаістычныя людзі. А яшчэ містэр Кайндлі распавядае, як гарадзкія драконы спрыялі людзям рабіць бізнэс — бясплатна, у чыстай прывязанасьці і тады людзі пачыналі выкарыстоўваць драконаў як бясплатных фінансавых кансультантаў, як хатніх жывёлаў. А ў такой сытуцыі сяброўства гіне. Містэр Кайндлі падводзіць рысу: “Агідна, але так і ёсьць: другое імя чалавека — Сквапнасьць…”
На прамежкавую выснову надаецца бутанская прыказка: “Які ў краіне народ, такія ў ёй і драконы“
***
“Японскія рыцары, якія завуцца самураямі, адразу ж забіваюць сябе ад сораму, калі ня ўмеюць пісаць хайку“.
Містэр Кайндлі навучае Тэнксалота пісаць хайку. Такім чынам у кнізе зьяўляецца школа паэтычнай творчасьці, а чытач разумее, што яна — для яго і яму ўжо не цярпіцца паспрабаваць.
“Хайку — гэта ўсяго толькі тры дробныя радкі. — кажа містэр Кайндлі. — У якіх нічога лішняга, толькі сутнасьць. Тое, што ты ўбачыў, адчуў, што цябе праняло з ног да галавы. Уся гэтая прыгажосьць і ўвесь гэты сум. І яшчэ тое, што праўдзіва — так праўдзіва, што прыходзіць само па сабе і без усялякага запісу. Проста вазьмі і выцягні з гэтага ўсяго тры радкі — і тады маленькі кавалак праўды дастанецца табе як падарунак… Пяць складоў — сем складоў — пяць складоў…
Містэр Кайндлі адсунуў цяжкую засаўку, штурхнуў дубовыя дзьверы, і абодва выйшлі на двор.
Тэнксалот аслупянеў. Даліна пад нагамі, раней такая зялёная, такая захапляльна, да галавакружэньня зялёная, была голай і шэрай.
Удалечыні на палях нечым займаліся людзі.
Тэнксалот адчуў ледзь улоўны пах дыму ад вогнішча.
Пад нагамі хруснула льдзінка.
Рыцар Тэнксалот і містэр Кайндлі доўга маўчалі, узіраючыся ў карціну перад вачыма. Нарэшце містэр Кайндлі ўздыхнуў:
— Вось такі ён, гэты белы сьвет. Ну як, мой юны дружа, — Вы гатовыя?
— Я здаюся, — сказаў Тэнксалот. — У мяне не атрымаецца.
— Не паспрабаваўшы, не пазнаеш. Калі Вам няёмка, зробім так. Я пачну першым. А мой апошні радок няхай будзе першым радком Вашага хайку. Каб было цікавей, — патлумачыў містэр Кайндлі.
— Бачу, Вы не адчэпіцеся, — паціснуў плячыма Тэнксалот. — Што ж, Ваша ўзяла. Толькі, калі ласка, ня сьмейцеся.
Містэр Кайндлі зажмурыў вочы і, крыху падумаўшы, пачаў:
Вароны крычаць,
Восень прыйшла на палі.
Стаю на гары.
Тэнксалот падумаў. Незаўважна палічыў на пальцах. Потым, нарэшце, адкашляўся і, саромеючыся свайго голасу, прамовіў:
Стаю на гары,
Побач са мною — дракон.
Цуд ды і толькі!
Містэр Кайндлі, відавочна ад нечаканасьці, крыху разгубіўся і адказаў так:
Цуд ды і толькі!
Калі паглядзець з гары,
Людзі — мурашкі.
Рыцар Тэнксалот адразу падхапіў:
Людзі — мурашкі.
Цягнуць, што блага ляжыць,
У свой мурашнік.
Містэр Кайндлі, крыху іранічна:
У свой мурашнік
Хто сеў, сухім ня ўстане —
Верш разьліецца.
Рыцар Тэнксалот, зажмурыўшы вочы:
Верш разьліецца,
Будзем па лужах хадзіць.
Восень навокал.
Узьнікла працяглая паўза. Рыцар Тэнксалот усё яшчэ стаяў з заплюшчанымі вачыма. Нарэшце містэр Кайндлі сказаў:
— Хм… Хадземце піць гарбату. Зімна“.
***
Праз усю кнігу мы даведваемся пра адметнасьці драконаў. Адметнасьці, вядома ж, ад людзей. Напрыклад, драконы, як і людзі, бываюць добрыя і кепскія. Адно якіх не бывае — дурных. Бо драконы ўсе цікаўныя. А нецікаўных людзей колькі заўгодна.
Забіць дракона — значыць, пераняць яго мудрасьць. Фізычна ніхто нікога не забівае, а легенды нараджаюцца ад няўменьня людзей мысьліць мэтафарамі, яны дрэнныя паэты, яны ўсё разумеюць літаральна.
Усе дзевяць галоваў дракона, кожная зь іх індывідуальнасьць, яны вельмі розныя. Сярод іх нават ёсьць жанчына. І жывуць яны ў адным арганізьме, дамаўляюцца праз закон большасьці, таму пэўная галава можа ўсё жыцьцё быць ня згодная з астатнімі, але нічога з гэтым не паробіш.
“Толькі падумайце, мы ўсё жыцьцё шукалі прыгод! — кажа пятая галава. — Але я наогул ня меў патрэбу ні ў якіх прыгодах — я баюся прыгод, мяне заўсёды вабілі звычайны спакойны сьвет і хатняя ўтульнасьць…”
На першы погляд, усё, нібыта знаёмае, але ж яно заўсёды новае і заўсёды няспынна яно мусіць праходзіць праверку, як тыя ветлівасьць, годнасьць ці сяброўства — як і нашае думаньне пра іх — яны толькі тады захоўваюцца, калі ўвесь час пераацэньваюцца ў самых розных абставінах і выпрабаваньнях. Ці не захоўваюцца. Таму столькі, колькі будзе патрэба ў годнасьці і сяброўстве, столькі будзе адбывацца пераацэнка і столькі будуць пісацца і чытацца такія кнігі зь вечнымі героямі і абставінамі. І кнігі заўсёды будуць новыя.