У новым выпуску аўтарскага падкаста “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец робіцца надзвычай уважлівым і чуйным чытачом паэзіі разам з Аляксандрам Лукашуком, аўтарам кнігі “Незавершанасць” (Беласток, 2026). А што ўнутры? Асабістыя гісторыі, эсэ, нататкі з нагоды прачытанага і перажытага побач з паэзіяй, свабода мыслення, ад якой часта далёкае традыцыйнае літаратуразнаўства.”Здаецца, пасьля гэтай кнігі пісаць пра паэзію па-беларуску інакш будзе ўжо немагчыма” — мяркуе Сяргей Дубавец.
Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.
На прэзэнтацыі кнігі “Незавершанасьць” у Віленскім беларускім музэі імя Івана Луцкевіча я спытаўся ў аўтара пра яе жанр. Крыху бянтэжыла другая назва: “Тонкая кніга”. Тонкая ў сэнсе, ня кожнаму зразумець? Ці тонкая матэрыя, маўляў, сама паэзія — рэч тонкая. Фізычна гэтае квадратнае выданьне тонкім не назавеш. Недзе ў самім тэксьце аўтар патлумачыў, што “выдаваць першую кніжку пра любоў у 70 гадоў даволі сумнеўна”. Ёсьць і такое перафразаванае вызначэньне: “Арганізацыя прысутнасьці любові, паэзія”. Мне чамусьці ўспомніўся раманс расейскага гурта “Сплін”, дзе ёсьць такі радок: “Темно в конце строки”, — па сутнасьці цэлы аднарадковы верш, які ўказвае, што маеш справу зь межамі пазнаньня, дзе ты асэнсоўваў пэўную матэрыю, і тут раптам хтосьці выключыў сьвятло.
***
Я б назваў жанр кнігі словам аўтафікшн, хоць, нібыта, усё тут дакумэнтальнае, непрыдуманае, а таксама ўсё — пра сябе і ад сябе. Але якраз у такой фантазійнай падачы, якая і прымушае згадаць гэтае слова — фікшн. “Яна выдумка маёй галавы”. Між іншым, і прыйшлі да нас гэтыя жанравыя вызначэньні, кшталту аўтафікшн, на зьмену нібыта звыклым, расейскім, якія па сутнасьці даўно нічога не вызначаюць, альбо калі й вызначаюць, дык непраўдзіва, як адбылося з жанрам эсэ.
“Любоў”, на маю думку, слова цёмнае, інтымнае. Тое, чым нічога не растлумачыш і якое само не растлумачыш нічым. Падобна як жыцьцём, напрыклад, і жыцьцё. Тут упарты шукальнік непазьбежна ўпіраецца ў тупік, у мяжу пазнаньня. Ты разумееш, што аўтар прагне адкрыцьця, імкнецца зазірнуць за рысу дадзенага. Але гэта ўжо не стыхія і жанр паэзіі, а характэрная рыса адкрыцьця — эсэістыкі. Калі зьбіраеш разам сюжэты ўласнага жыцьця, так ці інакш зьвязаныя з паэзіяй і з паэтамі. Адсюль інтуітыўна аўтар зьвяртаецца да штучнага інтэлекту. Але ў выніку вяртаецца да ўсім вядомага самога сябе, аўтара вядомых дасьледаваньняў “За кіпучай чэкісцкай работай” ці “Прыгоды АРА ў Беларусі” ці “Сьлед матылька. Освальд у Менску”. Толькі што ён тут становіцца яшчэ і аб’ектам свайго вывучэньня ды адкрыцьцяў.
***
Гісторыя пра вершы Ўладзімера Хадыкі, перакладзеныя Арсеніем Таркоўскім, і пра гэтыя пераклады, якія знайшоў Лукашук. Ня буду спойлерыць, варта гэтую гісторыю прачытаць, адзін верш там не адшукаўся ў падборцы, якую аналізаваў аўтар, сярод арыгіналаў Хадыкі. Ён існуе толькі як пераклад. І сярод жывых ужо няма чалавека, які б змог сытуацыю праясьніць.
Безумоўна, гэта суб’ектыўная кніга, аўтар распавядае пра свой вялікі досьвед стасункаў ад таго, што імя сваё атрымаў праз маму ад Аляксандра Пушкіна, што “літаратуру ў школе я не любіў, паэзіі цураўся…” да “чытырохстопны ямб мяне ўеў” да… самога пісаньня вершаў.
Аналіз перакладаў Арсенія Таркоўскага выдае сапраўдную Лукашукову жарсьць — гэта жарсьць дасьледніка, штурмавіка, раскладальніка матэрыялу па паліцах. Ён знаходзіць (адкрывае) пераклады Таркоўскага, але так і не знаходзіць арыгінал аднаго вершу Хадыкі — толькі пераклад, як цень Таркоўскага…
Тым ня менш, у выніку ўсяго гэтага ажыўленьня вакол гэтай тэмы зьяўляецца па-беларуску і “арыгінал” Хадыкавага верша:
Неба выдыхнула і сьнег
Паляцеў на галінкі вішняў.
Што раней так балела мне,
Раптам выявілася лішнім.
Сонных роздумаў насланьнё
Клёк замкнула ў халодных лёхах,
Але сэрца гарыць агнём
Неспазнаных дарог далёкіх.
Ранак цягнецца навырост,
Адганяе глухія цені,
І стаіць паміж намі мост
Звонкіх слоў і жывых імгненьняў.
Многа край мой спазнаў бяды,
Многа бачыў сыноў забітых,
Скрозь пякуць чужакоў сьляды,
Мерцьвякі паляглі ў ракітах.
Зноўку восень замест дажджу
Шрот рассыпле рукой жалезнай.
Вось — я ў бездань вякоў гляджу,
І пяе векавая бездань
Пра бясьсьмерця нязводны храм.
І я ведаю, што мне трэба,
Да таго, як аднойчы сам
Стану белым уздыхам неба.
Між іншым, Арсені Таркоўскі, зь якім Лукашук быў добра знаёмы, езьдзіў да яго ў Перадзелкіна, прадставіў Лукашуку Веніяміна Блажэннага і раіў пазнаёміцца з гэтым менскім паэтам, а тут у “Дзеяслове” раптам выходзіць пераклад верша-прысьвячэньня Блажэннага Таркоўскаму, зроблены Настай Кудасавай:
Не прыходзіць адказ Ваш. Ці Бог нам сустрэчу адмераў?
Можа стацца, мы неяк раптоўна памром незнарок.
І тады не паэтаў спатканьне ў маскоўскай кватэры —
Тое будзе спатканьне дзьвюх душаў — бяз рук і бяз ног.
Адным словам, адбылася рэканструкцыя арыгіналу верша Ўладзімера Хадыкі. Што, аднак, не здымае пытаньня: а дзе ж сам арыгінал?
***
Небясьпечна казаць вялікія да невядомасьці словы. Напрыклад, Лукашук спытаўся на прэзэнтацыі пра антонім да слова “зло” і прапанаваў свой адказ — слова “любоў”. Але слова “любоў”, на маю думку, мае прыблізна ў два разы больш тлумачэньняў, чым слова “зло”, і адно зь іх, дарэчы, — “злая любоў”. Таму экспэрымэнт нагадвае спробу ўсё патлумачыць усім, на што, між іншым, моцна хварэлі яшчэ савецкія паэты: зямля як маці, памяць як вечнасьць, жыцьцё як лёс…
***
Лукашук — асаблівы чалавек, былы дырэктар беларускай службы Радыё Свабода, стваральнік унікальнай Бібліятэкі Свабоды, якая ў 2002 годзе і пачалася з кнігі “Верш на Свабоду” (365 аўтараў). Лукашук як бібліятэкар папярэджваў кожную кнігу прадмовай, а гэтыя прадмовы з кожным разам усё больш былі падобныя да паэзіі. Скажам, на прадмову да кнігі “Тантамарэскі” — пра суд над Алесем Юркойцем, Лявон Вольскі напісаў песьню, якая была падтрыманая кліпам з удзелам вядомых асобаў:
Ты прачынаесься ранкам, а неба няма,
Ты выходзіш з дому, а дарогі няма,
Ты ўдыхаеш на поўныя грудзі, а паветра няма.
Ёсьць турма.
Ня ты натыкаесься на сьцяну, а яна на цябе,
Ня ты падаеш у бездань, а яна ў цябе,
Ня ты адключаеш сьвятло, а яно цябе,
Як на вайне.
Што застанецца, калі попел накрые ўсё,
Што застанецца, калі вецер разьвее ўсё,
Што застанецца, калі скончыцца ўсё,
Толькі любоў.
***
Прасьцей кажучы, гэта, вядома ж, кніга эсэ — штурмаваньне межаў пазнаньня з дапамогай свайго суб’ектыўнага досьведу судакрананьня з паэтамі і паэзіяй. Вершам трэба прачуцца, расчаравацца (не да канца, бо так ацаніў Алесь Разанаў) і спаліць. Гэта моцны досьвед, які зьведаў Лукашук — паліць свае ўласныя вершы.
Ведаю выпадкі падобнага спаленьня, калі маці паліла вершы свайго ўласнага сына. Гэта даволі складаная сытуацыя. Бо што яна спальвала? Падазраю, што зьнішчэньню палягала кваліфікацыя сына — паэт. Прычым, матуля бачыла ў гэтым пэўную д’ябальскую (незямную, нечалавечую) сілу.
Што такое сьмерць і чаму яна такая загадкавая, хоць вялікае мноства жывёл за гэты час памерлі вакол цябе, і адзінае, што ты заўважыў — гэта іхную дасканаласьць, завершанасьць, прыгажосьць, зь якімі яны прыйшлі на сьвет і зь якімі гэты сьвет пакінулі. Так і не ўсьвядоміўшы таямніцу сьмерці.
Жывёлы, нібыта, вершаў ня пішуць, наколькі мы можам пра гэта ведаць. Яны часта не ўсьведамляюць сваю індывідуальнасьць, яны існуюць як від, часам тысячы гадоў, і належаць да віду, на ўзроўні якога і ўсьведамляецца асобнасьць. Таму і сьмерць можа ўсьведамляцца на ўзроўні віду, многіх пакаленьняў. Чалавек ня можа мысьліць такім чынам, сябе бачыць як арганічнае адзінства разам са сваімі бацькамі, ці са сваімі дзецьмі. Таму чалавек піша вершы сам-адзін. Ён піша пра сьмерць.
Здавалася, колькі таго жыцьця?
Імгненьня балючы ўсхліп…
Нібыта прабегчыся неўпрыцям
Па выскрыпанай зямлі
За часам гарэзьлівым наўздагон,
Што дражніцца як дзіця.
Здавалася, колькі жыцьця таго
І што мне з таго жыцьця?
Але разгараецца новы дзень,
Марнее чарговы шторм,
Зноў сонца ў абдоймы твае ідзе,
Нягледзячы ні на што,
І шчасьце ў самоце тваёй
Як цар
Спыняецца на пастой…
І зноў
гэты сьвет
не заканчваецца,
і
колькі
там
сьмерці
той…
Гэты верш Аляксандру Лукашуку даслала Наста Кудасава, і верш трапіў у кнігу “Незавершанасьць”, які мне і падаецца, вытлумачэньнем паэзіі.
Калі вы чытаеце верш не пра сьмерць, гэта толькі эквілібрыстыка, гульня ці, скажам, тост, а не адкрыцьцё, якое зробіць ужо эсэіст.
***
Карыда, упартасьць юнага тарэадора і разбор цытатаў Хэмінгуэя… Тонкі камплімэнт Юрку Гаўруку і ягонаму перакладу “Фэсту”, выданьне, “якое выйшла ў Менску ў 1976 годзе, хоць гэты асобнік у жоўта-охравым каленкоры належыць і да паліцы беларускай паэзіі, бо перакладчык Шэксьпіра Гаўрук пераклаў Хэмінгуэя так, як матадор перакладае быка з мовы танцу на мову клінка”.
“Сустрэча з сапраўднай літаратурай — як дачасная сустрэча з уласнай сьмерцю: ты паміраеш і ўваскрасаеш з трохі іншай будучыняй. І гэты звон заўсёды б’е нечакана”.
Здаецца, пасьля гэтай кнігі пісаць пра паэзію па-беларуску інакш будзе ўжо немагчыма, бо дасягненьне Лукашука найперш у свабодзе мысьленьня, немагчымай у традыцыйным літаратуразнаўстве, скаваным формаю выказваньня, а таксама мэтамі, рангамі аўтараў. Скажам, нечакана выглядае бліскучы аналіз перакладаў вершаў Францішка Багушэвіча на расейскую Арсеніем Таркоўскім. Мы бачым, як Лукашук-дасьледнік вырастае з уласных кніг пра сталінскія злачынствы, з “За кіпучай чэкісцкай работай” ужо не ў фактурную аналітыку, а ў эстэтычную, больш глыбокую і больш свабодную. Альбо перад намі Менск як цэнтар савецкай паэзіі ў 1936 годзе. Тут праходзіць усесаюзны пленум паэтаў і мне здаецца, што зараз з маскоўскага цягніка выйдзе яшчэ адзін Лукашукоўскі герой у такой самай сытуацыі — Лі Гарві Освальд. І аўтар у тым чэкісцка-паэтычным кантэксьце раптам убачыць у забойцу амэрыканскага прэзыдэнта — абсалютнае зло.
“Сьнег пакрывае ўсё, але менавіта на сьнезе лепш за ўсё бачныя сьляды парушальнікаў межаў…” Я гэтыя радкі прачытаў як пра парушальнікаў межаў пазнаньня… Гэта знакі таго, што можа адбыцца. Пра гэта — важная занатоўка на 85 старонцы. “11 лютага 2019 году вучань 10-й клясы школы №2 гораду Стоўпцы зарэзаў сваю настаўніцу і аднаклясьніка. Гэта быў знак гвалту зь недалёкай будучыні…”
Кніжка “Забойства ў цэнтры Эўропы” Зьмітра Гурневіча распавядае гэтую гісторыю і па-свойму штурмуе межы пазнаньня, спрабуе праз розныя згадкі з гісторыі, з уласнага досьведу, з Ганны Арэнт выйсьці на разуменьне таго, што гэта было і таго, што будзе ў Беларусі ў 2020-м. Пакуль няма ўсьведамленьня ці тлумачэньня ўчынку падлетка-забойцы і таго, хто падаў гэты “знак гвалту зь недалёкай будучыні”.
Урэшце, закончу адкрытай высновай Лукашука, які даў свой адказ на пытаньне, чаму так хвалююць і абураюць нас вершы — што Пушкіна пра 1831 год у Беларусі, што Іосіфа Бродзкага — пра незалежнасьць Украіны. Лукашук мяркуе, што “Паэзія ня мае гістарычнае пэрспэктывы”, а значыць, яе словы ніколі ня страчваюць сваёй актуальнасьці.






