У канцы жніўня выйдзе новы раман Альгерда Бахарэвіча

Выдавецтва “Янушкевіч” анансавала выхад новага вялікага рамана аднаго з галоўных сучасных беларускіх пісьменнікаў Альгерда Бахарэвіча. Кніга з назвай “Падземныя пераходы” мае з’явіцца ў продажы 28 жніўня, але ўжо цяпер адкрытая папярэдня замова на навінку.

“Як ніхто іншы, гэты пісьменнік сёння робіць беларускую літаратуру вялікай, а беларускую мову — распазнавальнай ва ўсім свеце. “Падземныя пераходы” — гэта глыток свежага паветра, дзёрзкі погляд на рэчаіснасць, які спадабаецца далёка не ўсім. Але Альгерд у сваёй сутнасці такі пісьменнік — не хоча падабацца, проста гне сваю лінію”, — гэтак эмацыйна пракаментавалі навіну ў сацсетках выдавецтва “Янушкевіч”.

Рэдактарам рамана выступіў перакладчык Сяргей Шупа, што стала ўжо традыцыяй для Альгерда Бахарэвіча. Вокладку аформіў мастак Сяргей Шабохін.