Сяргей Дубавец у новым выпуску падкаста “Літаратурныя зацемкі” чытае кнігу “Форма прысутнасці. Дваццаць размоваў пра кніжную вокладку” і разважае над тым, наколькі вокладка мае супадаць, адлюстроўваць, дапаўняць змест кнігі.
Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.
“Форма прысутнасці“ — гэтае вялікафарматнае ілюстраванае выданьне з прадуманым дызайнам і якаснай паліграфіяй — успрымаецца не інакш як правобраз часопіса, прысьвечанага кнізе і кніжнаму афармленьню, падставай для чаго стала штогадовая прэмія ў гэтым жанры імя Міхала Анемпадыстава.
Здаецца, такога часопіса ў нас не было ніколі і, натуральна, няма сёньня на выпусташанай прасторы, дзе беларуская кніга, а таксама літаратура і сама беларуская мова цярпяць ад ціску малаадукаваных, не крэатыўных і не беларускіх, але пры тым надзеленых уладай чыноўнікаў.
Сёньня, калі ў Беларусі пахаваная ідэя кніжнага рынку і кніжнай свабоды, дзе няма ніводнага нармальнага літаратурнага пэрыёдыка, дзе ў прынцыпе ўсё беларускае зводзіцца ў нуль, пабачыць такое выданьне — сапраўднае дзіва. Але трэба разумець, што гэта цалкам заканамерная зьява ў беларускай дыяспары, якая не жыве паводле парадкаў калхознае аўтакратыі, а жыве ў паветры свабоды і, цалкам натуральна разьвіваецца, хоць і за мяжой, у асяродзьдзі беларушчыны, беларускай культуры, кнігі і творчасьці. Такім чынам, “Форма прысутнасьці” і ня можа разглядацца інакш, як правобраз часопіса беларускае кнігі. Трэба шчыра падзякаваць Беларускаму ПЭНу, выдавецтву “Полацкія лябірынты” і Лявону Алесічу за гэты дзівосны і даволі нечаканы шчодры сюрпрыз.
Што да зьместу выданьня, ён гэтаксама блізкі беларускай душы, як і бясконца далёкі ад той правінцыйнай бюракратыі, якая запанавала ў краіне і, разваліўшы ўсё, што толькі магла ў Беларусі, канчаткова дабівае сваёй бессэнсоўнай некампэтэнцыяй рэшткі творчага патэнцыялу народа, замяняючы ўсё беларускае на расейскае — як яно яго разумее…
***
Спачатку пералічаныя ўсе пераможцы і шортлістары Прэміі Анемпадыстава, потым прапануецца палявы досьвед. Замест пралогу ў варшаўскай беларускай кнігарні “Кнігаўка” ў чытачоў спыталі, што яны бачаць у кніжнай вокладцы, якая прыцягнула іхную ўвагу. Сярод адказаў мне адбіліся такія: “добрая эўрапейская школа”, “падумаў бы пра немцаў ці англічан”… Мне пры гэтым згадалася, што сапраўды такім чынам часам вылучаліся беларускія кнігі, прызнаныя карыфэі ў даўнія савецкія часы, калі сярод ілюстратараў існавала свабода самавыражэньня. Але пра такое сёньня ўжо мала хто ў Беларускі помніць.
Анемпадыстаў, на думку Харэўскага, быў “эталёнам дызайну як інтэлекту”, а ягоныя вокладкі “дыхаюць цішынёй дасканаласьці”. Такая “новамова” — паказьнік жывога мысьленьня і пошуку сваіх адметных формаў перадачы сэнсу.
Харэўскі ўспамінае, што “пасьля Алімпіяды Менск насыціўся новымі візуальнымі артэфактамі і невыпадкова: якраз тады адбываўся росквіт беларускай графікі і пляката. Цэсьлер, Войчанка, Шалюта, Пчалінцаў, Хацяноўскі дзівілі ўсіх сваімі працамі. Памятаю чэргі перад выставачнымі заламі на Паркавай магістралі, дзе экспанаваліся маладыя Селяшчук, Савіч, Славук“.
Словам, Харэўскі выводзіць гэты росквіт з артэфактаў Алімпіяды і менавіта там трэба шукаць “эўрапейскую школу” і “немцаў ці англічан”, калі тое фармавалася задоўга да сёньняшняй прафанацыі і бескультур’я. Алімпіяда магла стаць уплывовым фактарам улетку 1980 году.
Гэта з аднаго боку, а зь іншага само вучылішча Глебава стваралі тыя, хто прайшоў славутую Віцебскую мастацкую школу…
Вось як Харэўскі разумее вокладку кнігі паводле Анемпадыстава. “Яна ня мусіць не тлумачыць, і не спакушаць. Прыадкрываць тое, што па-за тэкстам. Бо апроч інфармацыі ёсьць яшчэ пачуцьцё, уражаньне. Вокладка мусіць сабраць гэта ў вобразную квінтэсэнцыю. Яна працуе з тым, што застаецца пасьля чытаньня, калі забываюцца коскі і факты. Міхал умеў надаць кнізе цэласнае ўражаньне: узяўшы яе ў рукі, ты ўжо разумеў, пра што яна і для чаго ў шырокім сэнсе”.
Неаднойчы я прыходжу да высновы, што беларушчына ў так званым “школьным” выглядзе адштурхоўвае ад сябе як нешта спрафанаванае і яўна непатрэбнае ў жыцьці. І наколькі адваротнае ўзьдзеяньне робіць беларушчына несавецкая ці дасавецкая, то бок прыродная. Харэўскі тлумачыць, што менавіта хацеў аднавіць Анемпадыстаў у сваёй кнізе “Колер Беларусі”:
“Рэканструяваць фрагмэнты непакалечанай Бацькаўшчыны як цэласны вобраз. Той, што існаваў да савецкага гвалту”.
***
Старшыня Беларускага ПЭНу і ініцыятарка прэміі імя Анемпадыстава Тацяна Нядбай кажа, што са сьмерцю Міхала ў 2018 годзе “ўтварылася пустка, нават прорва, зь якой не хацелася згаджацца, якую хацелася запоўніць — працягам справы Міхала”.
Разам з тым Нядбай заўважае: “Дызайн — сфэра ня толькі творчасьці, але камэрцыі, рынку. На жаль, беларуская кніга зусім не камэрцыйны прадукт”.
У тэме кнігі ўсебакова сфармуляваныя ўсе пытаньні і адказ пра тое, якой павінна быць вокладка.
Наступныя разьдзелы падзяляюць удзельнікаў выданьня на чытачоў, аўтараў, выдаўцоў і дызайнэраў.
Першая ж тэкставая вынаска спыняе маю ўвагу: “Чаму зоркі недалюбліваюць Джона Ірвінга, аднак тое не замінае ягонай славе?”
І я адразу згадваю адну з маіх улюбёных гісторый пра Яна Чачота, які ў сыбірскай ссылцы ў крэпасьці Кізіл Арэнбурскай губэрні перакладаў кнігу прозы Вашынгтона Ірвінга пры тым, што кніжка толькі што выйшла ў ЗША, а перакладчык замярзае ў… хатцы. Але я кідаю вокам на імя Ірвінга, які ўсё ж такі Джон, а не Вашынгтон, і пачынаю чытаць наступны тэкст, адзначыўшы пра сябе ўдалую арганізацыю тэксту. Гэта гутарка з прафэсійнай чытачкай, якая тут выступае ананімна. Яна і тлумачыць, у чым тут гісторыя: “Напрыклад, Джон Ірвінг, адзін з маіх улюбёных пісьменьнікаў. Усе яго амэрыканскія выданьні выглядаюць вельмі так сабе. Не перастаю зьдзіўляцца: максымальна непрывабныя візуальныя рашэньні ня толькі абсалютна не адлюстроўваюць сюжэт, але і ўтрымліваюць элемэнты, якія, па праўдзе, зусім не пасуюць тэматыцы… таму проста не купляю іх. Бяру ў бібліятэцы і чытаю, бо мець такое дома не хачу”.
***
Ігар Карней распавядае пра кнігі і іх афармленьне на зоне, дзе пануе расейская маскультура і дзе пра беларускае няма чаго гаварыць. Таксама досьвед, які мала што карыснага дае для тэмы, але дае ўяўленьне, што ёсьць і такое. Усё ж кніжнае мастацтва ў большай ступені сёньня зьява элітарная, а тут кнігі выконваюць функцыю забіваньня часу, які ў турме проста няма больш на што патраціць.
“Я нават бачыў такое спаборніцтва: хто каго перадужае ў „філязофскім“ чытаньні — літаральна штурмам бралі Дастаеўскага, Талстога… Ня ўсё там разумелі, але трымалі позу: “Ідыёта” ўзяў“. І глядзяць на іншых з высокаінтэлектуальным выглядам. Але такіх менш”.
Сярод іншых думак пра кнігі і вокладкі ёсьць меркаваньне айцішніка, сямейнай пары, васьмігадовага хлопца Лявона Козікава, і прафэсійных літаратараў.
Ева Вежнавец гаворыць афарыстычна: “вокладка павінна гаварыць нібы па-дзіцячаму, але даваць вельмі шмат даросламу ўяўленьню. У маленстве мы ўсе разглядалі ўзоры дыванкоў, трэшчыны на сьценах, шпалеры на іх ці газэтныя старонкі — хто што. І адкрываліся цэлыя сусьветы. Гэтым балаваліся ўсе дзеці. Ад невядомага першаклясьніка-вяскоўца да, скажам, канкрэтнага другаклясьніка Уладзімера Набокава. Вокладка павінна быць як гэтыя ўзоры на сьценах”.
Па сутнасьці гэта тое самае, што казаў пра вокладку ў разуменьні Міхала Анемпадыстава Сяргей Харэўскі. Ева Вежнавец быццам завяршыла гэтую канцэптуальную думку — вокладка мусіць прыадкрываць тое, што па-за тэкстам… Вокладка працуе з тым, што застаецца пасьля чытаньня, калі забываюцца коскі і факты.
***
Уладзімер Арлоў кажа пра афармленьне дакумэнтальных кніг па гісторыі: “Адна рэч — мастацкія апавяданьні, тут вольніца для крэатыву. Зусім іншае — афармленьне літаратурна-дакумэнтальнай кнігі, дзе гістарычная дакладнасьць прынцыповая. Калі рэканструюецца замак, павінна быць роўна столькі вежаў і брамаў, колькі мелася насамрэч. Іначай любы адмысловец дый проста аматар гісторыі выкажа вам недавер.
Тое самае з партрэтамі. Малюеце на вокладку Рагнеду, дык паклапаціцеся, каб жаночыя аздобы, скроневыя кольцы, іншыя дэталі адпавядалі менавіта крывіцкай традыцыі, а не дрыгавіцкай ці радзіміцкай”.
Але дагэтуль мы гаварылі пра сфармаваныя ўяўленьні, пра завершанасьць. Артур Камароўскі кажа пра вокладкі паэзіі, нараджэньне якіх кожнага разу экспэрымэнт.
Вокладка быццам суправаджае зьмест, а яе аўтар працуе не як дызайнэр, а як чытач і ягоная вокладка — водгук на прачытанае. Але тут, асабліва калі гаворка пра маладых, існуе і небясьпека. “Не зрабіць вокладку мацнейшай за зьмест. Сучасныя паэтычныя тэксты вельмі розныя. Часам яны настолькі візуальныя самі па сабе, што даюць дызайнэру вялікую прастору. І вось тут, мне здаецца, важна не ўзмацняць вобразнасьць. Не рабіць вокладку больш гучнай, чым заклаў аўтар”.
Наступная група меркаваньняў належыць выдаўцам. Першае, што адразу кідаецца ў вочы — гэта фраза Андрэя Янушкевіча: “Прыглушыць або прыпадняць тэкст дызайнам — можна, але ўзьляцець над ім — выключана”. Сьцьверджаньне, якое нібы спрачаецца з тэзай Артура Камароўскага: “Не зрабіць вокладку мацнейшай за зьмест”.
Ігар Іваноў кіраўнік беларускага лёнданскага выдавецтва “Skaryna Press” — пра выжываньне ў тамтэйшым асяродзьдзі. Ён прызнаецца ў памылцы: выдалі квір-раман з амаль дзіцячай вокладкай, бо гісторыя распавядаецца ад трынаццацігадовага хлопчыка. “Атрымалася простая, далікатная вокладка, крыху нават у дзіцячай эстэтыцы, — кажа Ігар Іваноў. — Але ў выніку да яе цягнуцца дзеці, хоць кніга зусім не для іх. Унутры толькі тэкст, так што далей за вокладку яны ўжо не разглядаюць. Але, так выглядае, крыху памыліліся з адрасацыяй візуалу”.
Іванюк і Лукашук — бадай карыфэі выдавецкай справы, Іванюк гаворыць мовай рэдактара, а Лукашук — мовай усяго свайго жыцьцёвага досьведу. І тут я зноў вяртаюся да ўскоснай дыскусіі пра вокладку, большую за зьмест.
“Але бывае і наадварот — кажа Лукашук, — часам вокладка большая за кнігу і нават большая за чытача. Я маю на ўвазе, што вокладка можа ўплываць на прыярытэты індустрыі, на фокус мастацтвазнаўства, на паводзіны публікі”.
***
Урэшце даецца слова дызайнэрам, людзям, якія ўласна і ствараюць гэты прадукт — кніжную вокладку.
Анатоль Лазар апавядае, як няпроста было знайсьці вырашэньне для кнігі паэзіі Алеся Разанава “З маланкаю ў сэрцы”: “З аднаго боку, моцная і кідкая формула. З другога — візуальна вельмі зацяганая. Маланка, сэрца — іх цяжка ўвасобіць так, каб не скаціцца ў банальнасьць. Я доўга шукаў і ў нейкі момант натрапіў на просты, але для мяне дакладны вобраз: старая атынкаваная сьцяна зь вялікім разломам, што крыху нагадваў маланку, але хутчэй там была проста расколіна. У адным месцы тынкоўка абвалілася і адкрылася чырвоная цэгла, па форме нібы сэрца”.
Жыва ўзгадаліся трэшчыны ў сьцяне, пра якія казала Ева Вежнавец, якія кожны разглядаў яшчэ ў дзяцінстве, і якія ўяўляюцца, калі гаворка ідзе пра кніжную вокладку.
Цікавае бачаньне ў Сьвятланы Дземідовіч, калі ў яе спыталі, у чым яна бачыць галоўную розьніцу паміж людзьмі і машынай у кніжным дызайне? Яна адказала: “Найперш у тым жа чалавеку. У ягоным досьведзе, эмоцыях, унутранай гісторыі. Машына можа апрацоўваць матэрыял, але ў яе няма пражытага вопыту. І гэта прынцыповая розьніца… Мне здаецца, чым больш будзе машын і лічбавых працэсаў, тым выразьней пачнуць адрозьнівацца рэчы, зробленыя ўручную. І, магчыма, менавіта гэтая адчувальнасьць будзе цаніцца мацней”.
Будучыня кніжнай вокладкі паўстае даволі загадкавай, і ня толькі праз спакусу даверыць дызайн штучнаму інтэлекту, але і праз невядомасьць лёсу самой кнігі і нават самой літаратуры, якая ўсё часьцей пераходзіць у электронныя фарматы і ва ўсё больш уніфікаваную форму кіндла ды падобных прыладаў. А ўласна кніжны фармат можа нагадваць лёс вініла, які звужае сфэру бытаваньня прадукту да больш вузкай аўдыторыі.
І тым ня менш, калі разьвіваць “Форму прысутнасьці” як правобраз пэрыядычнага выданьня на паперы, дык варта проста пашырыць тэмы гэтага часопіса, уключыўшы ў яго, апроч вокладкі, саму літаратуру, якая, па прыкладзе прэміі Анемпадыстава за лепшае афармленьне, існуе і ў іншых ПЭНаўскіх прэміях за лепшую празаічную кнігу, за лепшы пераклад, за лепшую паэтычную або дзіцячую кнігу. Гэта дзьверы, адкрытыя ў цэлы прасьцяг аўтараў, нявыказаных меркаваньняў, ідэяў, якому няма і ня можа быць канца.






