Раман Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Эўропы”, які зазнаў некалькі папяровых перавыданняў, цяпер даступны ў электронным фармаце (e-book). Такой навіной падзялілася выдавецтва “Янушкевіч”.
“У якіх сувязях і стасунках знаходзяцца мова бальбута, Маўчун з Белых Росаў узору 2049 года, шаптуха Бянігна ды Максім Крывічанін, чалавек з пакетам, капсула часу і агент-берлінец Тэрэзіюс Скіма?
Культавы раман «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча — выклік і спакуса для смелага і патрабавальнага чытача, незвычайны густоўны твор з шасьці частак-гісторый пра надзённае і надрэальнае, пра час і пазачасавасць, пра брэх сабак і пырскі сэрцаў, пра нас з вамі.
Пятае выданне opus magnum Альгерда Бахарэвіча, забароненага ў Рэспубліцы Беларусь. Кнігі пра ўладу мовы і мову ўлады, пра Беларусь як еўрапейскую выспу і Еўропу як беларускі лёс, пра вечную таямніцу творчасці і чалавечую апантанасць”, — паведамляе анатацыя на сайце кнігарні “Кнігаўка”.
У студзені 2024 году раман “Сабакі Эўропы” выйшаў па-нямецку, а ў жніўні перакладчык Томас Вайлер (Thomas Weiler) атрымаў за гэтую працу прэстыжную прэмію Паўля Цэлана для перакладчыкаў.
Галоўнае фота: крыніца