Раман Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Эўропы”, які аўтар лічыць сваім галоўным раманам, выйшаў у нямецкім выдавецтве Voland&Quist. Пераклаў кнігу з беларускай мовы на нямецкую Томас Вайлер (назва гучыць як “Europas Hunde”), у даробку якога ўжо багата перакладзеных твораў беларускай літаратуры.
“Мы чакалі яе тры гады — і вось яна прыехала з друкарні. Мая кніга пра маю краіну, маю мову і маю Эўропу. Раман ужо разасланы крытыкам, журналістам і рэцэнзэнтам , а я з радасьцю дзякую тым, без каго яна не зьявілася б на сьвет”, — піша з нагоды выхаду кнігі Альгед Бахарэвіч, які 31 студзеня адзначае народзіны.
Асобна пісьменнік адзначае працу Томаса Вайлера, які перастварыў “агромністы, складаны і поўны гульні, алюзій, жарсці і жаху тэкст, і зрабіў гэта па-майстэрску”, дзякуе Марыі Шлісэр, якая знайшла выдавецтва, якое ўзялося за такі маштабны праект, а таксама ранейшым выдаўцам рамана (Ігару Логвінаву, Андрэю Янушкевічу, Барысу Пастарнаку), рэдактару арыгінала Сяргею Шупу і Юлі Цімафеевай, “якая ведае, як усё пачыналася, бачыла, як усё пісалася, і пражыла гэтую кнігу” разам з аўтарам.
Таксама Альгерд Бахарэвіч адзначае, што поспеху кнігі паспрыялі пастаноўкі “Купалаўцаў” і Свабоднага тэатра паводле некаторых частак рамана і анансуе першую прэзентацыю нямецкага перакладу кнігі, якае мае адбыцца 22 лютага ў Literaturhaus Berlin.
Кнігу ўжо можна перадзамовіць у папяровай і электроннай версіях.
фота з фэйсбуку пісьменніка